Нематэрыяльная культурная спадчына - гэта сукупнасць формаў культурнай дзейнасці этнасу ці іншай групы, заснаваная на вуснай творчасці, традыцыях, звычаях, вераваннях людзей, уяўленнях аб прыродзе і чалавеку. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь унесены 8 нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека на тэрыторыі Глыбоцкага раёна:
-
Традыцыйная тэхналогія выпечкі жытняга хлеба (в. Дзеркаўшчына), з наданнем катэгорыі “Б” (пастанова Савета Міністраў ад 02.08.2016 № 607)
-
Тэхналогія прыгатавання традыцыйнай стравы “Масляны баран” (в. Мацюкова), з наданнем катэгорыі “Б” (пастанова Савета Міністраў ад 02.08.2016 № 607)
-
Традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я, лакалізаванага ў г. Глыбокае, г.п. Шаркаўшчына, в. Жукоўшчына Шаркаўшчынскага раёна, г. Браслаў, г. Паставы, г. Докшыцы, в. Крулеўшчына Докшыцкага раёна, з наданнем катэгорыі “Б” (пастанова Савета Міністраў ад 02.08.2016 № 607)
-
Абрад “Насіць намётку” (в. Папшычы), з наданнем катэгорыі “Б” (пастанова Савета Міністраў ад 02.08.2016 № 607)
-
Традыцыйная страва “Клёцкі з “душамі” Віцебскай вобласці” на тэрыторыі Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Лепельскага, Міёрскага, Ушацкага, Чашніцкага, Шаркоўшчынскага раёнаў, з наданнем катэгорыі “А” (згодна пастановы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 23.11.2017 г. № 72)
-
Мастацкія практыкі саломапляцення Віцебскай вобласці, з наданнем катэгорыі “Б” (пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 20.02.2020 г. № 15)
-
Традыцыі інсітнага (наіўнага) мастацтва Віцебшчыны, з наданнем катэгорыі “Б” (пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 20.02.2020 г. № 15)
-
Мастацтва выцінанкі Віцебскай вобласці, з наданнем катэгорыі "Б" (пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 30.04.2021 г. № 25).
- Тэхналогія апляцення бяростай ганчарнага посуду, з наданнем катэгорыі "Б" (пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 27.12.2023 г. № 218)
Сярод разнастайных ганчарных вырабаў, якія захоўваюцца ў шматлікіх калекцыях музеяў Беларусі, сваім каларытным аздабленнем вылучаецца посуд, абгорнуты берасцянымі стужкамі. Бяросту пачалі ўжываць у якасці матэрыялу для рамонту разбітага або трэснутага керамічнага посуду яшчэ ў эпоху неаліта, калі на нашых землях толькі з’явілася ганчарства. Кару з абодвух бакоў накладалі на месцы пашкоджанняў і замацоўвалі шнурком, які прасоўваўся праз загадзя прасвідраваныя адтуліны ў чарапку. Пасля гэтага пасудзіну можна было выкарыстоўваць далей, але толькі для захавання сухіх рэчываў. З цягам часу змянілася як тэхналогія вырабу керамікі, так і спосабы яе рамонту. Пашкоджаны посуд пачалі змацоўваць з дапамогай перапляцення тонкіх берасцяных стужак, што пазбавіла ад неабходнасці ў свідраванні адтулін для шнуркоў. Дакладных дадзеных, аб тым калі на тэрыторыі Беларусі ўзнік такі спосаб рамонту няма. Вядома, што кераміка, абвітая стужкамі бяросты, была знойдзена падчас археалагічных раскопак. У канцы XIX ст. аб аплятанні керамікі бяростай на беларускіх землях пішуць і некаторыя пісьмовыя крыніцы. Пэўную інфармацыю пра гэту традыцыю на Віцебшчыне апісвае М.Я. Нікіфароўскі. Паводле яго звестак аплётку рабілі для трываласці на самых розных відах і не толькі пашкоджанага посуду, пасля чаго яны атрымлівалі назву - “берасцень”. Па меркаванню Я.М. Сахуты традыцыя аплятання ганчарных вырабаў бяростай у канцы XIX – першай палове XX ст. існавала на пэўнай тэрыторыі, якая ўключала заходнюю частку Паазер’я і сумежныя землі Літвы. Аднак можна сцвярджаць, што кераміка з берасцяной аплёткай мела распаўсюджанне, няхай і не так масава, але на значна большай тэрыторыі. Слова “берасцень” у значэнні керамічнага пасуду, абвітага бярозавай карой, ужывалі таксама ў цэнтральных і ўсходніх раёнах Паазер’я.
Тэхналогія аплятання керамікі берасцянымі стужкамі наступная. Бяросту нарыхтоўвалі вясной у спрыяльнае надвор’е, калі яна не надта сухая і не надта вільготная, і лёгка аддзяляецца ад дрэва. Кару рассякалі па спіралі і здымалі з дрэва ў выглядзе стужак, якія потым сушылі. Калі ўзнікала неабходнасць, высушаную бяросту запарвалі ў вадзе разам з рыбінай луской, што часова рабіла яе больш эластычнай, а затым чысцілі і абразалі пад патрэбную пасудзіну. Неабходнага памеру стужкі спачатку прымацоўвалі да ганчарнага вырабу натуральным клеем са смалы, пасля чаго перапляталі, звычайна ў выглядзе касой сеткі. Ганчарны посуд, аплецены бяростай, характарызаваўся масіўнымі, таўстасценнымі, слабапрафіляванымі формамі. Я.М. Сахута звязвае гэтыя адметныя рысы з уплывам на развітыя ганчарныя цэнтры Паазер’я керамікі, вырабленай у тэхніцы кальцавога налепу. Неабходна адзначыць, што сярод развітых цэнтраў ганчарства Заходняга Паазер’я, Дзісна была адным з найбуйнейшых. Можна меркаваць, што большасць аплеценага посуду Віцебшчыны была створана менавіта тут, а традыцыя аплятання ганчарнага посуду бяростай на нашых землях мае даўнія гістарычныя карані. А значыць, гэтыя прадметы адлюстроўваюць даўнюю рэгіянальную традыцыю, якая мела не толькі ўтылітарнае значэнне, але і вялікую мастацкую вартасць.
Сёння старажытныя традыцыі гэтай тэхналогіі адраджаюць майстры сямі раёнаў вобласці: Браслаўскага, Гарадоцкага, Глыбоцкага, Лепельскага, Міёрскага, Сенненскага і Шаркаўшчынскага. Носьбітам і даследчыкам дадзенай тэхналогіі ў нашым рэгіёне з'яўляецца ганчар Арцём Фамін.
“Клёцкі з душамі” – страва, распаўсюджаная на захадзе Віцебскай вобласці, у тым ліку і на тэрыторыі Глыбоцкага раёна. Назву страва атрымала ад начынкі, якая змешчана ў сярэдзіне клёцкі і называецца “душой”. Першапачаткова клёцкі з’яўляліся рытуальнай стравай памінальнага стала, але з часам іх сталі гатаваць і ў выхадныя і святочныя дні. Асноўным кампанентам для прыгатавання з’яўляецца бульба, а таксама мука і цыбуля. Для начынкі выкарыстоўваюць такія прадукты, як сала, фарш, грыбы і дамашняя каўбаса. Працэс прыгатавання клёцак патрабуе дакладных навыкаў. Бульбяную масу, надзёртую на мелкую тарку, патрэбна адцадзіць. Пасля таго, як адстаіцца вада, яе зліваюць, а крухмал кладуць у дранку, затым соляць, дабаўляюць муку ці вараную бульбу (па жаданні гаспадыні) і змешваюць. Начынка закладваецца ў дранку і фарміруюцца клёцкі, якія кідаюць у круты кіпень.
Практыка прыгатавання гэтай стравы не перарывалася, што звязана з трывалым замацаваннем яе ў мясцовай сістэме харчавання і дастаткова простай рэцэптурай, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне, выкарыстоўваецца ў пунктах харчавання. Эксперты лічаць, што ўключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей беларускай стравы “Клёцкі з душамі” дазволіць папулярызаваць нацыянальную кухню.
Маляваныя дываны на тканіне (маляваныя дываны, маляванкi) былі шырока распаўсюджаныя на тэрыторыі Беларусі пачынаючы з канца XIX стагоддзя, але найбольшай папулярнасцю яны карысталіся ў 20 - 50-я гады мінулага стагоддзя. Маляванкі - феномен народнай творчасці беларусаў. У 1920-30-я гады амаль у кожным сельскім доме сцены былі ўпрыгожаны размаляванымі дыванамі.Заснавальнікамі жанру можна лічыць ананімных аўтараў, якія з'яўляліся носьбітамі старажытнай традыцыі маляванага мастацтва. Для маляваных дываноў выкарыстоўвалася сшытае з двух частак і афарбаванае ў чорны колер тканае льняное палатно. Маляваныя дываны меньшага памеру называліся паўдыванамі (выконваліся на адным палатне) і макаткамі (выконваліся на палове палатна). Роспіс выконваўся алейнымі або клеявымі фарбамі хатняга прыгатавання. Частка элементаў кампазіцыі выконвалася з выкарыстаннем выразаных з кардона трафарэтаў. Падфарбоўванне дробных дэталяў і нанясенне святлаценю рабілі ад рукі. Па кампазіцыйна-дэкаратыўнаму рашэнню маляваныя дываны былі раслінна-арнаментальнымі і сюжэтна-тэматычнымі. Асноўны матыў раслінна-арнаментальных маляванак - гэта букеты кветак ці вазы з садавінай, абрамленыя гірляндамі пераплеценых галінак, кветак, лісця. Папулярнымі былі таксама малюнкі птушак (паўлінаў, галубоў, ластавак) і звяроў (аленяў, львоў, мядзведзяў, катоў). Традыцыйным матывам сюжэтна-тэматычных дываноў былі: маладая пара на вёслах, архітэктурны пейзаж са старажытным замкам, касцёлам або прыгожым маёнткам сярод дрэў. Развіццё дадзенага жанру народнай творчасці было прымусова спынена ў 1960-х гадах, калі ўсіх рамеснікаў абклалі падаткам і яны вымушаныя былі спыніць сваю працу.
З сярэдзіны 1980-х гадоў пачаўся працэс адраджэння маляваных дываноў Віцебскага Паазер'я. Маляванкі сталі пастаяннымі ўдзельнікамі шматлікіх выстаў і святаў народнай творчасці, якія праводзяцца на Віцебшчыне.
Штогод на свята Спасланне Святога Духа на апосталаў жыхары вёскі Папшычы збіраюцца разам, каб здзейсніць абрад - несці намётку. Фактычна адпраўленне гэтага абраду не перапынялася ад моманту яго ўзнікнення. Сабраўшыся каля прыдарожнага крыжа, вяскоўцы спяваюць песню «Кrólu nieba wysokiego». Затым расцягваецца вялікі адрэз палатна, які напярэдадні быў набыты людзьмі. На гэтае палатно, ці, як яго называюць у Папшычах - намётку, кладуць грашовыя ахвяраванні, пасля чаго працэсія накіроўваецца на могілкі, дзе ў капліцы праходзіць малебен. Намётку павінны несці самыя маладыя жыхары вёскі, яе праносяць над маленькімі дзецьмі і іх бацькамі. Пасля заканчэння службы палатно перадаецца на патрэбы касцёла.
Тэхналогіяй выпечкі жытняга хлеба валодае жыхарка вёскі Дзеркаўшчына Сцепаніда Лупач. Выпечаны ў спецыяльных формах на кляновых лістах, гэты хлеб валодае выдатнымі смакавымі якасцямі і не чарсцвее цэлы тыдзень. Працэс падрыхтоўкі хлеба складаецца з некалькіх этапаў: падрыхтоўка квасніка (закваскі), замешвання і выпечкі хлеба. Пасля замешвання і фармоўкі цеста гаспадыня ставіць на ім крыжык. Для таго, каб вызначыць гатоўнасць каравая, адначасова з пасадкай яго ў печ, у шклянку з вадой кідаецца невялікі кавалачак цеста. Як толькі ён усплывае - хлеб гатовы. Стол накрываецца чыстым ручніком або абрусам. Дастаўшы каравай з печы, гаспадыня змочвае руку халоднай вадой і праводзіць па скарынцы, а затым кладзе хлеб на ільняны ручнік і накрывае яго. Перш чым адрэзаць першую лусту, усе дамачадцы павінны перахрысціцца.
Выцінанка ("выцінанка", "выразанка", "выразка", "выстрыганка", "выбіванка") - від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ажурны ўзор, выразаны з чорнай, белай ці каляровай паперы; а таксама тэхніка традыцыйнага выразання з паперы. Тэрмін распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Украіны. У беларускай мастацтвазнаўчай навуцы выкарыстоўваецца з 1980-х гадоў. Аб паходжанні гэтага традыцыйнага мастацтва ў нашай краіне адназначна сказаць можна няшмат. Сілуэтнае выразанне, якое распаўсюдзілася ў колах еўрапейскай шляхты з канца ХV стагоддзя, у найменшай ступені паўплывала на народныя выразкі. Выцінанка развівалася самастойна як адзін з відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Пра гэта сведчаць агульныя для ўсіх іншых відаў народнай творчасці вобразы і матывы, якія замацаваліся і ў выцінанцы.
Каб апісаць гісторыю ўзнікнення і развіцця беларускай народнай выразкі неабходна прасачыць гісторыю развіцця папяровай вытворчасці і гісторыю ажурнага выразання з больш старажытных матэрыялаў (скуры, лямца, тканіны). Своеасаблівым прататыпам народных выразак, на думку ўкраінскага даследчыка М. Станкевіча, сталі кустоды - папяровыя (раней скураныя і металічныя) накладкі з ажурнымі выразнымі бакамі пад канцылярскія пячаткі, распаўсюджаныя ў сярэдзіне ХVIII стагоддзя.
Узнікненне і распаўсюджванне выцінанкі ў беларускай вёсцы звязана з развіццём прамысловай вытворчасці паперы і пераходам ад «курных» сялянскіх хат да пячнога ацяплення. Самая старажытная папера, вядомая на тэрыторыі Беларусі, датуецца ХIV стагоддзем - гэта лісты Вітаўта Вялікага. Першае прадпрыемства па вытворчасці паперы (паперня) з'явілася ў ХVI стагоддзі ў Вільні, тагачаснай сталіцы Вялікага княства. У ХVII - ХVIII стагоддзях паперні былі амаль у кожным вялікім горадзе дзяржавы. У канцы ХIХ - пачатку ХХ стагоддзя аж да падзей 1917 года папяровая прамысловасць Паўночна-Заходняга краю была адной з галін мясцовай эканомікі, якая дынамічна развівалася. Папяровыя фабрыкі Беларусі ў гэты перыяд досыць паспяхова канкурыравалі з аналагічнымі вытворчасцямі ў Расіі, Украіне, Польшчы і нават Фінляндыі. І не толькі практычна цалкам забяспечвалі патрэбнасць унутранага рынку, але і прадавалі значныя аб'ёмы прадукцыі ў іншыя рэгіёны Расійскай імперыі.
Выцінанка атрымлівае шырокае распаўсюджванне ў афармленні сялянскага інтэр'еру з сярэдзіны ХIХ стагоддзя. Найбольшы яе росквіт прыпадае на канец ХIХ - пачатак ХХ стагоддзя, пэўны ўсплёск папулярнасці назіраўся ў пасляваенныя 1940 - 50-я гады. Часта як папяровыя, так і тканкавыя выразкі фарбаваліся каляровымі фарбавальнікамі па краях прарэзаных адтулін. Цікава, што кожны фрагмент узору меў сваю назву: "сухарыкі", "лялечкі", "зоркі" і інш. Распаўсюджаныя былі і выразкі, якія імітуюць узоры гардзінных тканін. Для іх вырабу карысталіся як нажніцамі, так і нажамі, разцамі. Вырабы, выкананыя пры дапамозе разца ці нажа, з'яўляюцца тэхналагічнай разнавіднасцю выцінанкі і часта ў народзе носяць назву «выбіванка».
Асноўныя рысы народнай выразкі - сіметрыя і дэкаратыўнасць вобразаў (абавязкова высокая ступень стылізацыі, схільнасць да геаметрызацыі прарэзаў і інш). У беларускай выцінанцы прымяняюцца восевы (люстраны), радыяльны і рапортны віды сіметрыі, а таксама спалучэнне некалькіх яе відаў. Асартымент ажурных вырабаў з паперы складаюць аконныя фіранкі, карункі для ўпрыгожвання паліц, бэлек, рамак з фотаздымкамі, абразоў, дзвярных вушакоў; сурвэткі ("сурвэткi", "рагавiчкi", "вугольнiкi") і інш. Звычайна выцінанкі ўпрыгожвалі інтэр'ер жылля да найбольш важных святаў -- Каляды і Вялікдень. На Захадзе Беларусі чорныя або паліхромныя выцінанкі ўпрыгожвалі пабеленыя сцены жылля. Нароўні з вырабамі ўтылітарнага характару сустракаліся самастойныя сюжэтныя кампазіцыі для дэкаравання сцен жылля, бэлек, дзвярных вушакоў і вокнаў. Сярод сюжэтаў найбольш папулярныя "Дрэва жыцця", кампазіцыі з букетамі і вазонамі "Жаночая доля", верагодна сустракаліся і фігуратыўныя кампазіцыі з сюжэтамі выяўленчага характару.
Паколькі папера была танным і даступным матэрыялам, вырабамі з яе не даражылі. Па сканчэнні пэўнага часу старыя выцінанкі выкідвалі ці спальвалі. Паступова выцінанка выцясняецца з сялянскага інтэр'еру тэкстыльнымі вырабамі. У 1970 - 80-я гады адбылося вяртанне традыцыйнага мастацтва выцінанкі ў культуру нашай краіны.
Пляценне ўтылітарных і мастацкіх вырабаў з саломы на Беларусі пашырана з даўніх часоў, калі жытні сноп, салома і вырабы з яе лічыліся сімвалам ураджайнасці і ўрадлівасці, шырока выкарыстоўваліся ў каляндарна-аграрнай і сямейнай абраднасці. З саламяных пучкоў плялі абрадавую атрыбутыку ў выглядзе фігурак чалавека, птушак і жывёл. Магічную і дэкаратыўную ролю ў інтэр’еры народнага жылля выконваў павук – кампазіцыя з саломінак, якую падвешвалі да столі. З саламяных жгутоў, перавітых лазой, выраблялі разнастайны посуд для збожжа, мукі, адзення і г. д. З плоскіх стужак сшывалі брылі.
Традыцыйна для пляцення выкарыстоўваюць пераважна жытнюю салому, бо сярод злакавых раслін сцябло жыта мае найбольшую даўжыню і вызначаецца трываласцю. Для пляцення лепш за ўсё падыходзіць салома, нарыхтаваная ўручную, прычым нарыхтоўваць яе трэба ў розныя тэрміны – тады яна будзе розных адценняў: ад зялёнага да ярка-жоўтага. Салому прасушваюць, чысцяць і вымочваюць у гарачай вадзе. Пасля гэтага яна становіцца гнуткай і эластычнай.
У сярэдзіне ХХ стагоддзя разам са скарачэннем ручнога жніва традыцыі пляцення з саломы сталі забывацца, але ўжо ў 1960-я гады назіраецца адраджэнне саломапляцення дзякуючы працы народных майстроў.
Народны майстр Беларусі па саломапляценню Марыя Вячаславаўна Ермаловіч прадстаўляе гэты від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на Глыбоччыне. Працуючы ў Глыбоцкім Доме рамёстваў, яна стварыла вялікую калекцыю вырабаў з саломы: галаўныя ўборы, лялькі, цацкі, тэматычныя кампазіцыі і дэкаратыўныя пано. Але асаблівая заслуга Марыі Вячаславаўны заключана ў тым, што на працягу многіх год, працуючы з дзецьмі ў гуртку саломапляцення, яна садзейнічала захаванню гэтай адметнай мастацкай практыкі.
Інсітнае (наіўнае) мастацтва – гэта творчасць у галіне выяўленчага мастацтва, якая характарызуецца наіўна-рэалістычным адлюстраваннем рэчаіснасці з выкарыстаннем вобразных сродкаў, адметных ад акадэмічных. Рысы яго стылістыкі блізкія да традыцыйнага народнага эстэтычнага светаўспрымання. Яго мастацкі вобраз складаны, часцей незвычайны, і вылучаецца прастадушным абаяннем, шчырасцю, непасрэднасцю, своеасаблівай дзіцячасцю ў інтэрпрэтацыі натуры.
На Віцебшчыне інсітнае мастацтва мае глыбокія народныя карані і ўвасабляе гістарычнае і паўсядзённае жыццё народа праз жывапісна-пластычную форму выказвання. Яго ўзнікненню ў нашым рэгіёне спрыялі багатыя традыцыі рамяства, якое ў першай палове ХХ стагоддзя набыла формы індывідуальнай творчасці. Далей народныя творцы развіваліся ў межах мастацкай самадзейнасці савецкага часу і народнай вясковай культуры. У сучасным культурным жыцці вобласці інсітная творчасць займае значнае месца, пацвярджэннем чаго стала ўнясенне традыцый інсітнага (наіўнага) мастацтва Віцебшчыны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
На Глыбоччыне традыцыі наіўнага мастацтва прадстаўлены майстрамі з Глыбокага, Падсвілля, вёсак Галубічы, Мярэцкія і Латыгаль. Адметнасць гэтага мастацтва ў тым, што творцы, як правіла, не маюць прафесійнай адукацыі і працуюць у адпаведнасці з уласным разуменнем прыгажосці і патрэбай самавыяўлення.
Так, напрыклад, мастачка з г. п. Падсвілле Людміла Фёдараўна Андзілеўка, маючы музычную адукацыю, праславілася прывабнымі жывапіснымі палотнамі, што прыцягваюць сваёй метафізічнасцю.
Ала Альфрэдаўна Арцімовіч з вёскі Галубічы, будучы па спецыяльнасці аграномам, з 2006 года стварае запамінальныя гіпсавыя скульптуры.
Яшчэ адным прадстаўніком наіўнага мастацтва Глыбоччыны з’яўляецца Алена Міхайлаўна Шчэбет, якая пасля выхаду на пенсію рэалізавала сябе ў якасці мастачкі, аддаючы перавагу пейзажнаму жывапісу.
Майстар драўлянай лялькі Віктар Баляслававіч Дудкевіч з 2005 года працуе ў Глыбоцкім Доме рамёстваў. За гады працы набыў вядомасць не толькі як выдатны разьбяр, але і як мастак і дызайнер, які займаецца рэканструкцыяй прадметаў побыту эпохі сярэднявечча.
Ужо ў пажылым узросце ва ўсёй прыгажосці раскрыўся талент Марыі Антонаўны Фянько (1929 – 2013) з вёскі Мярэцкія, якая пакінула пасля сябе шмат цікавых работ у вобласці жывапісу і станка-манументальнага мастацтва.
Заўважнае месца ў чарадзе майстроў інсітнага мастацтва Глыбоччыны займае ўраджэнка вёскі Латыгаль Францішка Францаўна Станкевіч (1941 – 2017), чые самабытныя жывапісныя творы вылучаюцца яркасцю, гумарам і дабрынёй.
Тэхналогія прыгатавання традыцыйнай стравы «Масляны баран» у вёсцы Мацюкова - гэта тэхналогія прыгатавання хатняга масла і яго эстэтычнага афармлення ў выглядзе барана па традыцыйнай рэцэптуры, характэрнай для кухні мясцовай сельскай абшчыны. Прыгатаванне стравы пачынаецца са збору смятаны (вяршкоў). У маслабойцы ўзбіваецца масла, працэджваецца і прамываецца ў халоднай вадзе, соліцца. Затым масла сціскаецца ў камок прадаўгаватай формы, з якога выразаецца фігура барана. Далей кавалачкі масла адціскаюць праз марлю, атрымліваючы масу, якая нагадвае авечую воўну. Яе з дапамогай нажа прыціскаюць да выразанай фігуры. З разагрэтага воску робяцца рожкі, з перцу-гарошку - вочы. На апошнім этапе падрыхтоўкі «Масляны баран» упрыгожваецца зелянінай. Калісьці «Маслянага барана» рыхтавалі многія сем'і вёскі Мацюкова, а сёння традыцыйнай тэхналогіяй валодаюць толькі некалькі чалавек. Сярод носьбітаў гэтай тэхналогіі – Марына Хрол.