У публікацыі Еўдакіма Раманавіча Раманава, беларускага этнографа, фалькларыста і археолага, у 8-м выпуску выдання «Белорусский сборник» (Вільня, 1912) знаходзім выяву дуды з Дзісенскага павета Віленскай губерні.

Выява дуды з кнігі "Белорусский сборник" (Вильно, 1912)Дуда, прыгожа аздобленая дэкаратыўнымі элементамі з металу, мае вытанчаныя формы, у чым пазнаецца рука спрактыкаванага майстра. Раманаў падкрэсліваў у сваёй публікацыі наступнае: “Достать хороший экземпляр дуды теперь уже нелегко даже и опытному этнографу...”. Першапачаткова здавалася, што гэта можа быць дуда Адама Шульгі з трупы Ігната Буйніцкага, тым больш, што Раманаў жыў і працаваў у Вільні і не мог абмінуць увагай «Першую беларускую вечарынку», на якой 12 лютага адбылося выступленне трупы Буйніцкага. 22 лютага 1910 года быў здзейснены другі вялікі выступ на этнаграфічным вечары, прысвечаным культурам народаў Паўночна-Заходняга краю. Была прадстаўлена і беларуская капэла з дударом, пра што праз год напіша верш Янка Купала. Надпіс на беларускай дудзе, што захоўваецца ў літоўскім музеі (фота Сяргея Чубрыка)Аднак пасля візуальнага аналізу хоць і не вельмі дакладных фотаздымкаў, майстрам Сяргеем Чубрыкам была зробленая выснова, што дуда падобная, але не тая самая. Кропку над “і” ў гэтай гісторыі паставіла публікацыя “Нашай Нівы” у 1910 годзе (3 снежня, № 49). У ёй мы чытаем, што пасля заканчэння сімфанічнага канцэрта кампазітара і дырыжора Людаміра Міхала Рагоўскага ў Вільні (12 лістапада) у знак падзякі “яму былі дадзены на ўспамін ад рэдакцыі „Нашай Нівы” – старая беларуская ліра, прыбраная кветкамі і стужкамі нацыянальных беларускіх колераў, а ад арганізатараў беларускага тэатру – беларуская дуда”. Па словах даследчыцы Ірыны Шумскай, калі ў 1911 годзе Міхал Рагоўскі пераязджаў з Вільні ў Парыж, то пакінуў падораныя інструменты ствараемаму беларускаму музею. 

Вось і яшчэ адзін дударскі след у Глыбоцкім краі сабраўся з абарваных кавалачкаў і склаўся ў адну цэласную, важную і, нават, у нечым сентыментальную карціну. Аказваецца, што даваеннага дудара Пятра Бурца мы шукалі не там дзе трэба - не ў тым баку. Справа ў тым, што сляды зблытала публікацыя ў СБ (2011), а пазней памылку паўтарылі ў часопісе Дудар (2012). Вёска Асінаўка, што ля возера Шо і вёскі Псуя, стала ў пералічаных публіккацыях неіснуючымі “Свілінай” і “Слівінай”. Для мяне, як для аўтара кнігі “Дудары Глыбоцкага краю” і заснавальніка фэсту “Дударскі рэй” было вельмі важна знайсці больш інфармацыі пра Пятра Бурца. Шмат часу я правёў у пошуках таямнічай вёскі, якой няма ні на сучасных ні на старых картах Глыбоччыны. 

в. Асінаўка, гміна Празарокі, Дзісенскі павет (пазначана чырвоным кружком)У выніку, параіўшыся краязнаўцам Кастусём Шыталем, мы прыйшлі да высновы, што хутчэй за ўсё на ўвазе мелася вёска Свіла - сугучнасць з міфічнай Свілінай і Слівінай. Летам 2020 года я аб’ездзіў тую Свілу ўздоўж і ўпоперак і, нават, знайшоў на мясцовых могілках Бурцоў, пэўна далёкіх сваякоў нашага дудара. У выніку рэчаіснасць аказалася быць больш простай. Прыціснуўшы Змітра Сасноўскага на ўспаміны, урэшце выявілася, што Пётр Бурэц быў з той самай вёскі, што і Мікола Караткевіч, які расказваў пра яго Змітру Сасноўскаму ў 2007 годзе, падчас дударскай экспедыцыі ў наш край. У дакументальным фільме Змітра Сасноўскага “Старыя інструменты Беларусі”, назва вёскі пазначаная правільна – Асінаўка.  Больш таго, у тэлефоннай размове Зміцер Сасноўскі пачаў прыгадваць іншыя, неймаверна цікавыя факты, якія не ўвайшлі ні ў фільм, ні ў яго публікацыі. Аказваецца, што Мікола Караткевіч быў вучнем Пётры Бурца і, больш чым праз паўвека, умеў спрытна трымаць дуду і перабіраць пальцамі.

Зміцер Сакалоўскі з дудой (фота 2007 г)У 2007 годзе ў вёсцы Асінаўка яшчэ стаяла старая лазня Пятра Бурца, каля якой Змітра Сасноўскага з дудой сфатаграфаваў Алег Белавусаў. Але самае цікавае – той сам Алег Белавусаў, фатограф і ўдзельнік экспедыцыі на Глыбоччыну, пайшоў у пошуку цікавых кадраў гуляць з апаратам па мясцовых могілках і так знайшоў месца пахавання апошняга дудара! Пазней, Мікола і яго жонка Эмілія пацвердзілі, што тут і пахаваны Пётр Бурэц, разам з жонкай Паўлінай.

Пры нагодзе, цяпер трэба выбрацца ў Асінаўку і ўпэўніцца ў тым, што месца пахавання адпаведна забяспечанае і пазначанае на карце. Для гісторыі дударства на Глыбоччыне гэта месца больш чым сімвалічнае. На сённяшні дзень у нас ёсць копія старэйшай дуды, некалькі іншых цікавых сведчанняў пра інструменты з Глыбоччыны-Дзісеншчыны. Маем у наяўнасці шэраг гісторый пра некаторых самабытных дудароў з ваколіц Шо і не толькі. А зараз стала таксама вядомым і месца пахавання аднаго з іх!

Немецкі дрэварыт. 1790-я гг.Паводле інвентароў, у Глыбокім на пачатку XVIII стагоддзя сярод рамеснікаў былі таксама скамарохі і мядзведнікі. Танцы дрэсіраваных мядзведзяў звычайна адбываліся ў суправаджэнні дуды або іншых інструментаў. Нагадаем беларускую прыказку: “мядзведзь здох – складай дуды у мех” і словы польскага паэта Вацлава Патоцкага „Pląsze niedźwiedź po dudach, choć nie chce, choć mruczy” (пляша мядзведзь пад дуду, хоць не хоча, хоць вуркоча).
Старонка "Литовских епархиальных ведомостей" за 1869 годНядаўна інфармацыя пра глыбоцкіх мядзведнікаў была пацверджаная і іншай гістарычнай крыніцай. Глыбоцкі краязнаўца Кастусь Шыталь знайшоў у "Литовских епархиальных ведомостях" №23 за 1869 год інфармацыю пра візітаванне ў грэка-каталіцкіх цэрквах у 1784 годзе.
У гэтых дакументах гаворыцца, што у Глыбокім была царква Святой Тройцы, якая мела філіяльную царкву на вуліцы Дворнай (вядомая нам па інвентарах царква Святога Пятра). Пры царкве Святога Пятра было брацтва Святога Антонія, якое падзялася на тры аддзелы: св. Антонія (шаўцоў і гарбароў), Трох Свяціцеляў (краўцоў) і, самае цікавае, св. Мікалая - мядзведнікаў. Гэта тых мядзведнікаў, якіх у Глыбокім XVIII стагоддзя было каля дзясятка! Цікава, што брацтва св. Тройцы пры царкве св. Тройцы мела свой алтар у царкве. Магчыма, глыбоцкія мядзведнікі мелі нейкія сувязі або канкурыравалі са Смаргонскай мядзведжай акадэміяй. Вядома, што з канца XV стагоддзя і да пачатку XIX стагоддзя Глыбокае і Смаргонь належалі тым самым уладальнікам: спачатку Зяновічам, а з 1628 года – Радзівілам. Доўгі час лічылася, што мядзведжая акадэмія ў Смаргоні была заснаваная Радзівіламі (на гербе Смаргоні прадстаўлены мядзведзь, які трымае ў лапах герб Радзівілаў), але навейшыя звесткі паказваюць на Зяновічаў, як заснавальнікаў і Радзівілаў, як прадаўжальнікаў. Смаргонскім мядзведнікам прысвечаны адмысловы помнік.

Віталь Воранаў дэманструе дуду з вёскі ВерацеіНарэшце ўдалося трапіць у Вільню і зняць верацейскую (глыбоцкую) дуду. Дуда гэтая датуецца музеем 1849 годам, а гэта азначае што яна старэйшая за лепельскую (1877), якая лічылася найстарэйшай, ажно на 28 гадоў! Наша дуда выводзіцца з вёскі Верацеі (колішняя Празароцкая воласць Дзісенскага павету Віленскай губерні), таго арэала, з якога паходзяць таксама іншыя звесткі пра бытаванне дуды на Глыбоччыне. Адметнасць нашай дуды на фоне іншых інструментаў у тым, што мех для яе сшыты са скуры барсука. Дуда выдатна захавалася. Не хапае толькі пішчыка (унутранага элемента дзе зараджаецца гук дуды) жалейкі, а так то і зайграла б. Дуда знаходзіцца ў запасным фондзе Нацыянальнага музея Літвы, а дакладней у яго этнаграфічнай частцы. Да вайны Вільня была важным культурным цэнтрам Беларусі, таму і не дзіва што там захавалася некалькі важных для беларускай музычнай спадчыны інструментаў.

Верацейская дудаВерацейская дуда, на жаль, не выстаўляецца ў сталай экспазіцыі і захоўваецца ў спецыяльным сховішчы, разам з іншымі беларускімі дудамі. Туды яна паступіла з этнаграфічнага музея SBU (Універсітэт Стэфана Баторыя) у 1934 годзе. Паведамляецца, што інструмент быў зроблены 80 гадоў да моманту паступлення ў музей, а значыць у 1854 годзе, але самім музеем інструмент датуецца ўжо 1849 годам. Загадчыца этнаграфічнай часткі збораў і даследчыца літоўскіх інструментаў Ліна Букаўскенэ аказалася надзвычай ветлівай асобай і дазволіла дакладна сфатаграфаваць інструмент і зрабіць яго замеры.

Weracejskaja duda Вымярэнне дуды і якасныя выявы былі зробленыя для вырабу яе дакладнай копіі, над якой у гэты час паралельна працуюць некалькі майстроў-дудароў. Адзін з іх – унук глыбоцкага паэта Алеся Дубровіча, дудар Дзмітрый Дзёмін. Ён з’яўляецца пастаянным удзельнікам фэстаў “Дударскі Рэй”, і абяцаў на наступным фестывалі прэзентаваць копію верацейскай дуды Глыбоцкаму гісторыка-этнаграфічнаму музею. Сімвалічна што адноўлены на падставе музейнага экспаната інструмент будзе выкананы менавіта рукамі нашага земляка і зойме пачэснае месца ў музейнай экспазіцыі.

Віталь Воранаў

Беларускі дудар (пач.20 ст.)Да Другога міжнароднага фэсту дударскіх рэгіёнаў Дударскі Рэй была зробленая рэпліка дуды з паштоўкі пачатаку XX стагоддзя. Інструмент на ўзор адлюстраванай на паштоўцы дуды зрабіў майстар Сяргей Чубрык. Захаваўшы характэрныя рысы і формы дуды са старой паштоўкі, Сяргей гарманічна ўвёў таксама ўласныя, аздобныя элементы. На замежных дударскіх фэстах адмыслоўцы і дудары заўсёды заўважаюць падабенства рэплікі дуды з арыгінальным здымкам. Наперадзе нас чакае таксама праца па вырабу копіі глыбоцкай дуды з вёскі Верацеі (1849 г.), якая захоўваецца ў Вільні.

Беларуская дудаБеларуская дуда (фрагмент)Беларуская дуда.

Дуда глыбоцкая. Фотаздымак з Літоўскага музея.Пасля напісання кніжкі “Дударская Глыбоччына” мне здавалася, што ўдалося сабраць усе даступныя звесткі пра беларускую дуду. Былі сярод іх шматлікія згадкі пра дудароў, іх рэпертуар, фотаздымкі і ноты, літаратурныя прысвячэнні нашых землякоў, але шмат хто адзначаў адсутнасць захаваных інструментаў. Спатрэбіўся яшчэ цэлы год працы, каб як мінімум з сенсацыяй для сябе самога, я мог адкрыць, што найстарэйшая з захаваных беларускіх дуд не лепельская, а менавіта глыбоцкая.
Але пра ўсё па-парадку. Адна справа калі працуеш з першакрыніцамі, або з навукова апрацаванымі, згодна з усімі патрабаваннямі, матэрыяламі, а іншая - калі ледзь не ўсе веды пра такую шматгранную гістарычна-этнаграфічна-літаратурна-філасофскую з’яву, як дуда, грунтуюцца на апрацоўках даследчыкаў-энтузіястаў, у кожнага з якіх свой спецыфічны падыход да збору і апрацоўкі фактаў і часта яшчэ больш спрэчныя трактоўкі гэтых фактаў. Гэтая праблема закранула нават назву інструмента...

Свята прайшло пад міжнародны акампанемент запрошаных гасцей з рэгіёнаў Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Шатландыі, Латвіі, Бельгіі і іншых краін.