Курганны могільнік вёскі Забор'еКурган – земляны насып над старажытным пахаваннем. На беларускіх землях узніклі на мяжы 3-га і 2-га тысячагоддзяў да н. э. Вядомыя пад назвамі капцы, валатоўкі, французскія магілы. 

Курганы адрозніваюцца формай, памерамі, унутраным уладкаваннем, становішчам памерлага, абрадам пахавання і пахавальным інвентаром. Вялікая колькасць курганоў называецца курганным могільнікам. На тэрыторыі Глыбоцкага раёна размешчаны 3 кургана і 20 курганных могільнікаў, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, як аб'екты ІІІ катэгорыі.

Гарадзішча ля вёскі ЛатыгольГарадзішча – тып помніка археалогіі, рэшткі былога ўмацаванага паселішча. Звычайна ўзвышаюцца над навакольнай мясцовасцю і захаваліся ў выглядзе валоў і равоў. Адносяцца да часоў першабытнаабшчыннага ладу (бронзавы, жалезны век) і Сярэдніх стагоддзяў. Гарадзішча паўсталі ў перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу, калі ад збіральніцтва, рыбалоўства і палявання людзі пераходзілі да земляробства і жывёлагадоўлі. На тэрыторыі Беларусі будаўніцтва гарадзішчаў пачалося ў бронзавым веку. Важнае значэнне яны мелі ў жалезным веку. Умацаванае паселішча будавалі ў прыдатным для абароны месцы з высокімі схіламі, якія пры будаўніцтве рабіліся яшчэ больш стромкімі. Па краях пляцоўкі насыпалі валы, ўзводзілі сцены і іншыя абарончыя збудаванні. Існавалі таксама неўмацаваныя паселішчы, рэшткі якіх называюць селішчамі. На тэрыторыі Глыбоцкага раёна размешчаны 9 гарадзішчаў і 2 селішчы жалезнага веку, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, як аб'екты  ІІІ катэгорыі.

Каменны крыж у вёсцы ПлісаАб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІІ катэгорыі (213В000404)

Пліскі каменны крыж, верагодна, адносіцца да позняга сярэднявечча. Высечаны з шэрага граніту, мае форму так званага «лацінскага крыжа», у перакрыжаванні выбіты яшчэ адзін крыжык.
У свой час крыж стаяў пры ўездзе ў Плісу на старым Альгердавым шляху, што злучаў Вільню, Полацк і Смаленск. У 2007 годзе перанесены ў цэнтр вёскі і ўстаноўлены насупраць царквы Параскевы Пятніцы.