Калона ў гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 года.Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІІ катэгорыі (213Г000370)

Помнік, які знаходзіцца на старых гарадскіх могілках, узведзены ў канцы XVIII стагоддзя ў гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, прынятай 3 мая 1791 года - першай у Еўропе, і другой ва ўсім свеце пасля Канстытуцыі ЗША. Падобныя калоны масава ўзводзілі у сваіх уладаннях патрыятычна настроеныя шляхцічы, але з-за наступных падзей у пераважнай большасці яны былі знішчаны. Глыбоцкая калона з'яўляецца адной з двух, што захаваліся да нашых дзён (другая - Лявонпальская калона ў Мёрскім раёне), што робіць яе ўнікальным гістарычным аб'ектам.

Гаспадарчая пабудова і парк у вёсцы ЗалессеАб'ект гісторыка-культурнай спадчыны III катэгорыі (213Г000386)

Залескі маёнтак сфарміраваўся ў XVIII стагоддзі і складаўся з жылога дома, шматлікіх гаспадарчых пабудоў і пейзажнага парку. Апошнім гаспадаром маёнтка быў граф Моле, які пакінуў яго ў верасні 1939 года з прыходам савецкай улады. У гады Вялікай Айчыннай вайны сядзіба, у якой размяшчаўся паліцэйскі гарнізон, значна пацярпела ў выніку атакі партызан. У 1982 годзе большая частка маёнтка ў вёсцы Залессе была разабрана на будаўнічыя матэрыялы, парк пачаў прыходзіць у запусценне. На сённяшні дзень тут захаваўся будынак стайні і фрагмент парка.

Дом былой сядзібы ў в. АзярцыАб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІІ катэгорыі (213Г000372)

Сядзіба роду Аскерка была пабудавана ў другой палове XIX стагоддзя. Акрамя жылога дома, яна ўключала ў сябе шматлікія гаспадарчыя пабудовы, млын і спіртзавод. У савецкі час сядзіба была перададзена мясцоваму саўгасу, які прыстасаваў яе пад свае патрэбы. На сённяшні дзень захаваліся сядзібны дом, а таксама шэраг гаспадарчых пабудоў. З'яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму.

 

Будынак былога кляштара базыльянаў Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІ катэгорыі (212Г000363)

Каля 1643 года Іосіф Львовіч Корсак ў Беразвеччы (цяпер раён горада Глыбокае) заснаваў уніяцкі кляштар ордэна базыльянаў. Першапачаткова манастыр быў драўляным, але ў 1756-1763 гадах збудаваны каменны буйнамаштабны комплекс, дзе, акрамя каменных будынкаў, размяшчалася яшчэ 12 жылых драўляных дамоў. Увесь комплекс быў акружаны глухой агароджай. Пасля ліквідацыі ўніі ў 1839 годзе Беразвецкі манастыр стаў праваслаўным, а ў 1874 годзе яго закрываюць. З 1901 года ў Беразвеччы пачынае дзейнічаць жаночы манастыр. З пачаткам Першай сусветнай вайны яго дзейнасць прыпыняецца, аднаўляецца па яе заканчэнні, а пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы ў сакавіку 1921 года польскія ўлады канчаткова закрываюць гэты манастыр. У яго сценах размяшчаецца корпус аховы мяжы. У 1939 годзе, пасля прыходу савецкай улады, тут размяшчаецца турма НКУС. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў манастыры знаходзілася адміністрацыя Беразвецкага лагера смерці, у якім было знішчана каля 27 тысяч савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных. З пасляваеннага часу і да нашых дзён тут знаходзіцца выпраўленчая калонія.

У горадзе Глыбокае захаваліся будынкі, якія адносяцца да ўзораў гістарычнай забудовы горада, якая фармавалася ў другой палове XIX - пачатку XX стагоддзя. Гэтыя дамы размяшчаюцца на вуліцах Леніна, Маскоўская і Энгельса.