Будынак былога кляштара базыльянаў Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІ катэгорыі (212Г000363)

Каля 1643 года Іосіф Львовіч Корсак ў Беразвеччы (цяпер раён горада Глыбокае) заснаваў уніяцкі кляштар ордэна базыльянаў. Першапачаткова манастыр быў драўляным, але ў 1756-1763 гадах збудаваны каменны буйнамаштабны комплекс, дзе, акрамя каменных будынкаў, размяшчалася яшчэ 12 жылых драўляных дамоў. Увесь комплекс быў акружаны глухой агароджай. Пасля ліквідацыі ўніі ў 1839 годзе Беразвецкі манастыр стаў праваслаўным, а ў 1874 годзе яго закрываюць. З 1901 года ў Беразвеччы пачынае дзейнічаць жаночы манастыр. З пачаткам Першай сусветнай вайны яго дзейнасць прыпыняецца, аднаўляецца па яе заканчэнні, а пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы ў сакавіку 1921 года польскія ўлады канчаткова закрываюць гэты манастыр. У яго сценах размяшчаецца корпус аховы мяжы. У 1939 годзе, пасля прыходу савецкай улады, тут размяшчаецца турма НКУС. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў манастыры знаходзілася адміністрацыя Беразвецкага лагера смерці, у якім было знішчана каля 27 тысяч савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных. З пасляваеннага часу і да нашых дзён тут знаходзіцца выпраўленчая калонія.