Кожны год наш горад патанае ў белай квецені вішні, а ўлетку яна радуе нас багатым ураджаем сакавітых ягад. Смачней глыбоцкай вішні няма, гэты факт прызнаны даўно. І таму не выпадкова ў нашым горадзе праходзіць Вішнёвы фестываль, а Глыбокае па праву называецца Вішнёвай сталіцай.
Наш рэгіён заўсёды славіўся сваімі садамі. Яшчэ ў 1930-х гг. на месцы гарадскога стадыёна размяшчаўся вялікі сад, закладзены манахамі-кармелітамі босымі некалькі стагоддзяў таму. А ў дакументах XVII - XVIII стагоддзяў францысканскага кляштара ў вёсцы Удзела згадваюцца ў ліку іншай маёмасці і «сады вішнёвыя».
У перадваенны перыяд на Глыбоччыне працаваў аграномам Баляслаў Лапыр. Існуе меркаванне, што ён вывеў некалькі гатункаў вішні, стойкіх да беларускіх зімаў, з вялікімі, сакавітымі, неверагодна смачнымі і салодкімі пладамі. З яго саду вішня «ступіла» у іншыя сядзібы і разышлася па ўсім краі. У народзе, і па-сёняшні дзень, гэты гатунак называюць «лапыравым». У 1939 годзе глыбачане нават прымалі ўдзел у конкурсе, які праводзіўся польскім інстытутам садоўніцтва на лепшую вішню сярод садаводаў-аматараў. Але з-за распачатай вайны вынікі так і не былі падведзены. Герой Сацыялістычнай працы Максім Аляксандравіч Клімянок у 1960-я гг. актыўна займаўся развядзеннем вішні "войлачнай" у Глыбоцкай акрузе. І сёння амаль у кожным двары можна ўбачыць вішнёвыя дрэвы. Вішня была і застаецца візітнай карткай нашага горада.
З даўніх часоў на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Польшчы ў садах раслі вішні. Праўда, гэта былі не сартавыя, а звычайныя вясковыя гатункі. У 1930-я гады ў польскіх сельскагаспадарчых часопісах пачалі з’яўляцца артыкулы аб вырошчванні ў краіне вішні, дзякуючы развядзенню прадуктыўных, высокаўраджайных гатункаў вішнёвых дрэў. Улічваючы вялікі кошт новых сартавых саджанцаў, многія польскія селекцыянеры выказвалі думкі аб магчымасці развядзення ужо вядомых гатункаў вішні. Праз друкаваныя выданні яны апісвалі розныя спосабы атрымання вялікіх ураджаяў вішні з несартавых дрэў. З мэтай захавання і папулярызацыі садаводства ў ліпені 1939 года ў польскім сельскагаспадарчым часопісе “Plon” быў аб’яўлены конкурс на найлепшыя вішні на тэрыторыі Польшчы. Арганізатарам конкурсу стаў Аддзел Спраў Садаводчых Інстытуту Навуковага
Гаспадарства Вясковага, які абвясціў умовы правядзення і вызначыў памеры ўзнагарод. Пераможцаў чакалі грашовыя прэміі: 5 узнагарод па 50 злотых, 25 -- па 20 злотых, 50 -- па 10 злотых. У конкурсе маглі прыняць ўдзел толькі несартавыя вішні з розных куточкаў краіны. На разгляд камісіі прадстаўляліся як самі плады, так і апісанне месца і спосабу іх вырошчвання. Асноўная мэта, якую ставілі перад сабой арганізатары конкурсу, быў пошук найбольш прыдатных для развядзення ўжо вядомых гатункаў вішнёвых дрэў. Пытанне аб ўдзеле ў конкурсе глыбоцкай вішні засталося не высветлена. Праз месяц пасля аб'яўлення вішнёвага конкурсу пачалася Другая сусветная вайна, якая ўнесла карэктывы ў працу сельскагаспадарчых арганізацый акупіраванай Польшчы. Вынікі конкурсу не былі падведзены. Важная справа па адраджэнні вішнёвых садоў на нашых землях не атрымала працягу.
Прайшлі гады. Многае змянілася ў жыцці нашых людзей. Нязменным засталіся толькі вішнёвыя дрэвы, якія з даўніх часоў растуць на Глыбоччыне і даюць багатыя ўраджаі. Глыбоцкую вішню ведаюць сёння не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. А дзякуючы “Вішнёваму фестывалю” гэтая смачная ягада стане яшчэ больш папулярнай, і, магчыма, конкурс, які распачынаўся “за польскім часам” стане заканамерным працягам на Глыбоччыне ў будучым.