Магіла Язэпа ДраздовічаАб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІІ катэгорыі (213Д000939)

Помнік на магіле беларускага мастака, скульптара, этнографа, археолага, педагога, заснавальніка беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу Язэпа Нарцызавіча Драздовіча. Магіла мастака знаходзіцца ва ўсходняй частцы могілак вёскі Ляпляне, справа ад дарогі з вёскі Малыя Давыдкі. Помнік на магіле – аўтарская работа беларускага скульптара Алеся Шатэрніка. Прастата і мастацкі мінімалізм выкарыстаны ім пры стварэнні помніка. Дзве каменныя пліты аздоблены адзіным мастацкім элементам – бронзавым барэльефам і надпісам “ЯЗЭП ДРАЗДОВІЧ 1888 – 1954”.

Помнік на магіле Ігната БуйніцкагаАб'ект гісторыка-культурнай спадчыны III катэгорыі (213Д000409)

Помнік на магіле Ігната Буйніцкага, беларускага акцёра, рэжысёра, заснавальніка беларускага тэатра. Устаноўлены ў цэнтры вёскі Празарокі ў 1975 годзе. Скульптар І. Місько, архітэктар М. Бурдзін.

Помнік просты і сціплы па форме: адлітая з бетону стэла, у якую ўрэзаны блок з выявай Ігната Буйніцкага (алюміневае ліццё). Падкрэслена тыповае ў твары: вялікі выпуклы лоб, шырокія бровы, пышныя вусы. На стэле дзвюма плаўнымі лініямі сімвалічна пазначаная тэатральная заслона і змешчаны надпіс: “Ігнату Буйніцкаму – заснавальніку сучаснага беларускага тэатра”.

Аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны ІІІ катэгорыі.

Брацкая магіла (213Д000368) знаходзіцца на вуліцы Леніна, на беразе возера Кагальнае. Тут захаронены астанкі 180 салдат Савецкай Арміі і партызан, якія загінулі пры вызваленні Глыбоцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 года. Пасля вайны ля магілы закладзены парк, а ў 1964 годзе пастаўлены абеліск, справа ад якога размяшчалася скульптура салдата, злева - жанчыны. У 1994 годзе помнік быў абноўлены. 

На магіле пастаўлены помнік: скульптуры двух воінаў і чатыры пліты з імёнамі загінуўшых. У цэнтры ўзвышаецца абеліск з фігурай грэчаскай багіні перамогі - Нікі. Перад абеліскам устаноўлены каваны крыж. Перад крыжам - пліты з імёнамі загінуўшых. На помніку шыльда “Воінскае пахаванне №4060”

Акрамя брацкай магілы ў Глыбокім, яшчэ два падобных пахаванні ў Глыбоцкім раёне ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Гэта брацкія магілы ў вёсцы Празарокі (213Д000410) і гарадскім пасёлку Падсвілле (213Д000401).

 ПадсвіллеГлыбокаеПразарокі