Магіла Язэпа Драздовіча
Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІІ катэгорыі (213Д000939)
Помнік на магіле беларускага мастака, скульптара, этнографа, археолага, педагога, заснавальніка беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу Язэпа Нарцызавіча Драздовіча. Магіла мастака знаходзіцца ва ўсходняй частцы могілак вёскі Ляпляне, справа ад дарогі з вёскі Малыя Давыдкі. Помнік на магіле – аўтарская работа беларускага скульптара Алеся Шатэрніка. Прастата і мастацкі мінімалізм выкарыстаны ім пры стварэнні помніка. Дзве каменныя пліты аздоблены адзіным мастацкім элементам – бронзавым барэльефам і надпісам “ЯЗЭП ДРАЗДОВІЧ 1888 – 1954”.