Касцёл Святой Тройцы ў горадзе Глыбокае
Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІ катэгорыі (212Г000366)
Завяшчанне, у якім згадваецца пра будаўніцтва храма, у 1628 годзе падпісаў ўладальнік часткі мястэчка Глыбокае Іосіф Львовіч Корсак. У 1654 годзе драўляны храм быў знішчаны ў ходзе вайны паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай. Адбудаваны з каменя ў другой палове XVIII стагоддзя. Перабудова храма праходзіла ў 1902-1908 гадах па праекце інжынера-архітэктара Антонія Дубовіка. Перабудова пакінула некранутым галоўны фасад XVIII стагоддзя, астатняя частка храма была пабудавана ў псеўдабарочным стылі, які імітуе віленскае барока. Пасля пашырэння аднанефны храм ператварыўся ў трохнефны.