Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІІ катэгорыі (213Г000373)
Царква асвечана ў 1876 годзе і доўгі час выкарыстоўвалася як могілкавы храм, у якім адпявалі памерлых. Для яе аблічча характэрны дэкаратыўныя элементы, якія выкарыстоўваліся ў старажытнарускім дойлідстве. Яны надаюць гэтаму невялікаму каменнаму храму прыгожы выгляд.
Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІІ катэгорыі (213Г000385)
У 1601 годзе з фундуша караля Жыгімонта ІІІ у Задарожжы быў пабудаваны драўляны касцёл. У 1733 годзе па прычыне спарахнеласці касцёл быў перабудаваны нанова. У 1902 годзе драўляны храм згарэў. Улічваючы вялікую колькасць вернікаў у гэтым прыходзе, было прынята рашэнне адрадзіць святыню. У 1903 годзе быў зацверджаны каштарыс будаўніцтва новага будынка, а для прыцягнення дадатковых сродкаў выдадзена паштоўка з праектным малюнкам Задарожскага касцёла і заклікам да вернікаў ахвяраваць сродкі на яго ўзвядзенне. Урачыстае асвячэнне касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі Ласкавай адбылося ў 1910 годзе. Аднак ён значна адрозніваўся ад малюнка на паштоўцы, бо дзяржаўнае фінансаванне будаўніцтва святыні было значна зменшана.
Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІІ катэгорыі (213Г000394)
Каменны храм быў пабудаваны ў 1829 годзе мясцовым памешчыкам Іосіфам Корсакам у строгім класічным стылі, характэрным для еўрапейскай архітэктуры гэтага перыяду. Першапачаткова ён з'яўляўся каталіцкім касцёлам, але ў 1865 годзе яго перадалі праваслаўным. Пасля нязначнай перабудовы, з 1869 года храм дзейнічае як праваслаўная царква.
Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІ катэгорыі (212Г000417)
30 ліпеня 1642 года ваявода мсціслаўскі Іосіф Корсак падпісаў завяшчанне, у якім частку сваіх уладанняў ахвяраваў манахам ордэна святога Францішка. Манахі францыскане спачатку збудавалі драўляны касцёл і манастыр. У 1740 годзе храм быў адбудаваны з каменю, набыўшы рысы архітэктурнага стылю барока. Пры наступнай перабудове ў 1837 годзе былі ліквідаваныя бакавыя вежы храма і фігурны шчыт паміж імі. У 1948 годзе будынак касцёла быў рэквізаваны на карысць дзяржавы, у ім размяшчалася калгаснае збожжасховішча. У 1989 годзе касцёл быў адроджаны.
Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІІ катэгорыі (213Г000383)
Першы драўляны храм у вёсцы Забор'е быў збудаваны ў 1739 годзе. У 1876 годзе па распараджэнні Імператарскай археалагічнай камісіі царква была зачынена з фармуліроўкай "па спарахнеласці». Улічваючы той факт, што недалёка ад Забор'я дзейнічала нанова асвечаная ў 1869 годзе Свята-Праабражэнская царква ў вёсцы Мамаі, пытанне аб будаўніцтве новага прыходскага храма было адкладзена. І толькі ў 1914 годзе ў Забор'і быў пабудавана ў тыповым рэтраспектыўна-рускім стылі драўляная царква Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Храм з'яўляецца ўнікальным прыкладам драўлянага дойлідства пачатку ХХ стагоддзя.
Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІ катэгорыі (212Г000397)
Каменны храм у Мосары ў гонар Святой Ганны быў узведзены ў класічным стылі ў 1792 годзе на сродкі ўладальнікаў мястэчка Ганны і Роберта Бжастоўскіх. Побач з храмам у XIX стагоддзі была пабудавана драўляная званіца, замененая на трох’ярусную каменную ў 1931 годзе. Дапоўніла ансамбль капліца Маці Божай Вастрабрамскай, збудаваная ў 1990-х гадах. Сярод убрання храма вылучаюцца ўнікальныя барэльефы на біблейскія сюжэты.
Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІІ катэгорыі (213Г000392)
Храм пабудаваны ў 1748 годзе глыбоцкімі манахамі кармелітамі босымі на землях, якія належалі манастыру. У дакументах другой паловы 18 стагоддзя гэты парыход існуе як уніяцкі. Пасля ліквідацыі царкоўнай уніі Кавальскі храм быў перададзены праваслаўнаму духавенству. У храме меўся старажытны вобраз Успення Найсвяцейшай Багародзіцы, перададзены сюды пасля закрыцця царквы ў вёсцы Частыя. Надпіс на іконе абвяшчае, што яна «... Нада у Чашчанскую царква, року 1672, месяца жніўня 15 дня». У храме захоўвалася і перанесенае з Чашчанской царквы рэдкае Евангелле, надрукаванае ў Вільні ў 1644 году «Гаўрыілам Іаанавіч ігуменам габрэйскім, тыпографам агульнай жыціі». Праваслаўная царква Успення Прасвятой Багародзіцы з'яўляецца прыкладам унікальнай архітэктуры драўлянага дойлідства барочнага стылю.
Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІІ катэгорыі (213Г000364)
У 1805 годзе на глыбоцкіх могілках на сродкі кляштара кармелітаў босых была ўзведзена капліца ў гонар Святога Іллі. Кіраваў будаўніцтвам настаяцель манастыра Мікалай Будны. Урачыстае асвячэнне новага храма правёў мінскі біскуп Якуб Дадзерка 11 мая 1805 года. У галоўным алтары знаходзілася скульптура Ісуса Хрыста ў цярновым вянку, на хорах - арган з васьмю галасамі. На сценах размяшчаліся старажытныя іконы. У цяперашні час капліца закрыта, убранне адсутнічае.
Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІ катэгорыі (212Г000366)
Завяшчанне, у якім згадваецца пра будаўніцтва храма, у 1628 годзе падпісаў ўладальнік часткі мястэчка Глыбокае Іосіф Львовіч Корсак. У 1654 годзе драўляны храм быў знішчаны ў ходзе вайны паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай. Адбудаваны з каменя ў другой палове XVIII стагоддзя. Перабудова храма праходзіла ў 1902-1908 гадах па праекце інжынера-архітэктара Антонія Дубовіка. Перабудова пакінула некранутым галоўны фасад XVIII стагоддзя, астатняя частка храма была пабудавана ў псеўдабарочным стылі, які імітуе віленскае барока. Пасля пашырэння аднанефны храм ператварыўся ў трохнефны.
Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІІ катэгорыі (213Г000411)
Помнік народнага дойлідства. Драўляная капліца на могілках была ўзведзена ў канцы ХIХ стагоддзя. У савецкі час, верагодна, не выкарыстоўвалася. У 1974 годзе даследчык Л.В. Аляксееў так апісваў гэты храм: "Вокнаў у гэтай капліцы ўжо няма, падлога прагніла, на алтары раскіданы богаслужбовы рэквізіт...». Капліца, прыпісаная да Задарожскага прыходу, была цалкам адноўленая ў канцы 1990-х гадоў. Сёння дзейнічае як касцёл Святога Антонія Падуанскага.