Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі Ласкавай у вёсцы Задарожжа
Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІІ катэгорыі (213Г000385)
У 1601 годзе з фундуша караля Жыгімонта ІІІ у Задарожжы быў пабудаваны драўляны касцёл. У 1733 годзе па прычыне спарахнеласці касцёл быў перабудаваны нанова. У 1902 годзе драўляны храм згарэў. Улічваючы вялікую колькасць вернікаў у гэтым прыходзе, было прынята рашэнне адрадзіць святыню. У 1903 годзе быў зацверджаны каштарыс будаўніцтва новага будынка, а для прыцягнення дадатковых сродкаў выдадзена паштоўка з праектным малюнкам Задарожскага касцёла і заклікам да вернікаў ахвяраваць сродкі на яго ўзвядзенне. Урачыстае асвячэнне касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі Ласкавай адбылося ў 1910 годзе. Аднак ён значна адрозніваўся ад малюнка на паштоўцы, бо дзяржаўнае фінансаванне будаўніцтва святыні было значна зменшана.