Майстр Глыбоцкага Дома рамёстваў Юля АрэхаваВыцінанка ("выцінанка", "выразанка", "выразка", "выстрыганка", "выбіванка") - від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ажурны ўзор, выразаны з чорнай, белай ці каляровай паперы; а таксама тэхніка традыцыйнага выразання з паперы. Тэрмін распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Украіны. У беларускай мастацтвазнаўчай навуцы выкарыстоўваецца з 1980-х гадоў. Аб паходжанні гэтага традыцыйнага мастацтва ў нашай краіне адназначна сказаць можна няшмат. Сілуэтнае выразанне, якое распаўсюдзілася ў колах еўрапейскай шляхты з канца ХV стагоддзя, у найменшай ступені паўплывала на народныя выразкі. Выцінанка развівалася самастойна як адзін з відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Пра гэта сведчаць агульныя для ўсіх іншых відаў народнай творчасці вобразы і матывы, якія замацаваліся і ў выцінанцы.
Каб апісаць гісторыю ўзнікнення і развіцця беларускай народнай выразкі неабходна прасачыць гісторыю развіцця папяровай вытворчасці і гісторыю ажурнага выразання з больш старажытных матэрыялаў (скуры, лямца, тканіны). Своеасаблівым прататыпам народных выразак, на думку ўкраінскага даследчыка М. Станкевіча, сталі кустоды - папяровыя (раней скураныя і металічныя) накладкі з ажурнымі выразнымі бакамі пад канцылярскія пячаткі, распаўсюджаныя ў сярэдзіне ХVIII стагоддзя.
Узнікненне і распаўсюджванне выцінанкі ў беларускай вёсцы звязана з развіццём прамысловай вытворчасці паперы і пераходам ад «курных» сялянскіх хат да пячнога ацяплення. Самая старажытная папера, вядомая на тэрыторыі Беларусі, датуецца ХIV стагоддзем - гэта лісты Вітаўта Вялікага. Першае прадпрыемства па вытворчасці паперы (паперня) з'явілася ў ХVI стагоддзі ў Вільні, тагачаснай сталіцы Вялікага княства. У ХVII - ХVIII стагоддзях паперні былі амаль у кожным вялікім горадзе дзяржавы. У канцы ХIХ - пачатку ХХ стагоддзя аж да падзей 1917 года папяровая прамысловасць Паўночна-Заходняга краю была адной з галін мясцовай эканомікі, якая дынамічна развівалася. Папяровыя фабрыкі Беларусі ў гэты перыяд досыць паспяхова канкурыравалі з аналагічнымі вытворчасцямі ў Расіі, Украіне, Польшчы і нават Фінляндыі. І не толькі практычна цалкам забяспечвалі патрэбнасць унутранага рынку, але і прадавалі значныя аб'ёмы прадукцыі ў іншыя рэгіёны Расійскай імперыі.
Выцінанка атрымлівае шырокае распаўсюджванне ў афармленні сялянскага інтэр'еру з сярэдзіны ХIХ стагоддзя. Найбольшы яе росквіт прыпадае на канец ХIХ - пачатак ХХ стагоддзя, пэўны ўсплёск папулярнасці назіраўся ў пасляваенныя 1940 - 50-я гады. Часта як папяровыя, так і тканкавыя выразкі фарбаваліся каляровымі фарбавальнікамі па краях прарэзаных адтулін. Цікава, што кожны фрагмент узору меў сваю назву: "сухарыкі", "лялечкі", "зоркі" і інш. Распаўсюджаныя былі і выразкі, якія імітуюць узоры гардзінных тканін. Для іх вырабу карысталіся як нажніцамі, так і нажамі, разцамі. Вырабы, выкананыя пры дапамозе разца ці нажа, з'яўляюцца тэхналагічнай разнавіднасцю выцінанкі і часта ў народзе носяць назву «выбіванка».
Асноўныя рысы народнай выразкі - сіметрыя і дэкаратыўнасць вобразаў (абавязкова высокая ступень стылізацыі, схільнасць да геаметрызацыі прарэзаў і інш). У беларускай выцінанцы прымяняюцца восевы (люстраны), радыяльны і рапортны віды сіметрыі, а таксама спалучэнне некалькіх яе відаў. Асартымент ажурных вырабаў з паперы складаюць аконныя фіранкі, карункі для ўпрыгожвання паліц, бэлек, рамак з фотаздымкамі, абразоў, дзвярных вушакоў; сурвэткі ("сурвэткi", "рагавiчкi", "вугольнiкi") і інш. Звычайна выцінанкі ўпрыгожвалі інтэр'ер жылля да найбольш важных святаў --  Каляды і Вялікдень. На Захадзе Беларусі чорныя або паліхромныя выцінанкі ўпрыгожвалі пабеленыя сцены жылля. Нароўні з вырабамі ўтылітарнага характару сустракаліся самастойныя сюжэтныя кампазіцыі для дэкаравання сцен жылля, бэлек, дзвярных вушакоў і вокнаў. Сярод сюжэтаў найбольш папулярныя "Дрэва жыцця", кампазіцыі з букетамі і вазонамі "Жаночая доля", верагодна сустракаліся і фігуратыўныя кампазіцыі з сюжэтамі выяўленчага характару.
Паколькі папера была танным і даступным матэрыялам, вырабамі з яе не даражылі. Па сканчэнні пэўнага часу старыя выцінанкі выкідвалі ці спальвалі. Паступова выцінанка выцясняецца з сялянскага інтэр'еру тэкстыльнымі вырабамі. У 1970 - 80-я гады адбылося вяртанне традыцыйнага мастацтва выцінанкі ў культуру нашай краіны.