Тэхналогія аплятання бяростай ганчарнага посуду
Сярод разнастайных ганчарных вырабаў, якія захоўваюцца ў шматлікіх калекцыях музеяў Беларусі, сваім каларытным аздабленнем вылучаецца посуд, абгорнуты берасцянымі стужкамі. Бяросту пачалі ўжываць у якасці матэрыялу для рамонту разбітага або трэснутага керамічнага посуду яшчэ ў эпоху неаліта, калі на нашых землях толькі з’явілася ганчарства. Кару з абодвух бакоў накладалі на месцы пашкоджанняў і замацоўвалі шнурком, які прасоўваўся праз загадзя прасвідраваныя адтуліны ў чарапку. Пасля гэтага пасудзіну можна было выкарыстоўваць далей, але толькі для захавання сухіх рэчываў. З цягам часу змянілася як тэхналогія вырабу керамікі, так і спосабы яе рамонту. Пашкоджаны посуд пачалі змацоўваць з дапамогай перапляцення тонкіх берасцяных стужак, што пазбавіла ад неабходнасці ў свідраванні адтулін для шнуркоў. Дакладных дадзеных, аб тым калі на тэрыторыі Беларусі ўзнік такі спосаб рамонту няма. Вядома, што кераміка, абвітая стужкамі бяросты, была знойдзена падчас археалагічных раскопак. У канцы XIX ст. аб аплятанні керамікі бяростай на беларускіх землях пішуць і некаторыя пісьмовыя крыніцы. Пэўную інфармацыю пра гэту традыцыю на Віцебшчыне апісвае М.Я. Нікіфароўскі. Паводле яго звестак аплётку рабілі для трываласці на самых розных відах і не толькі пашкоджанага посуду, пасля чаго яны атрымлівалі назву - “берасцень”. Па меркаванню Я.М. Сахуты традыцыя аплятання ганчарных вырабаў бяростай у канцы XIX – першай палове XX ст. існавала на пэўнай тэрыторыі, якая ўключала заходнюю частку Паазер’я і сумежныя землі Літвы. Аднак можна сцвярджаць, што кераміка з берасцяной аплёткай мела распаўсюджанне, няхай і не так масава, але на значна большай тэрыторыі. Слова “берасцень” у значэнні керамічнага пасуду, абвітага бярозавай карой, ужывалі таксама ў цэнтральных і ўсходніх раёнах Паазер’я.
Тэхналогія аплятання керамікі берасцянымі стужкамі наступная. Бяросту нарыхтоўвалі вясной у спрыяльнае надвор’е, калі яна не надта сухая і не надта вільготная, і лёгка аддзяляецца ад дрэва. Кару рассякалі па спіралі і здымалі з дрэва ў выглядзе стужак, якія потым сушылі. Калі ўзнікала неабходнасць, высушаную бяросту запарвалі ў вадзе разам з рыбінай луской, што часова рабіла яе больш эластычнай, а затым чысцілі і абразалі пад патрэбную пасудзіну. Неабходнага памеру стужкі спачатку прымацоўвалі да ганчарнага вырабу натуральным клеем са смалы, пасля чаго перапляталі, звычайна ў выглядзе касой сеткі. Ганчарны посуд, аплецены бяростай, характарызаваўся масіўнымі, таўстасценнымі, слабапрафіляванымі формамі. Я.М. Сахута звязвае гэтыя адметныя рысы з уплывам на развітыя ганчарныя цэнтры Паазер’я керамікі, вырабленай у тэхніцы кальцавога налепу. Неабходна адзначыць, што сярод развітых цэнтраў ганчарства Заходняга Паазер’я, Дзісна была адным з найбуйнейшых. Можна меркаваць, што большасць аплеценага посуду Віцебшчыны была створана менавіта тут, а традыцыя аплятання ганчарнага посуду бяростай на нашых землях мае даўнія гістарычныя карані. А значыць, гэтыя прадметы адлюстроўваюць даўнюю рэгіянальную традыцыю, якая мела не толькі ўтылітарнае значэнне, але і вялікую мастацкую вартасць.
Сёння старажытныя традыцыі гэтай тэхналогіі адраджаюць майстры сямі раёнаў вобласці: Браслаўскага, Гарадоцкага, Глыбоцкага, Лепельскага, Міёрскага, Сенненскага і Шаркаўшчынскага. Носьбітам і даследчыкам дадзенай тэхналогіі ў нашым рэгіёне з'яўляецца ганчар Арцём Фамін.

