Інсітнае (наіўнае) мастацтва – гэта творчасць у галіне выяўленчага мастацтва, якая характарызуецца наіўна-рэалістычным адлюстраваннем рэчаіснасці з выкарыстаннем вобразных сродкаў, адметных ад акадэмічных. Рысы яго стылістыкі блізкія да традыцыйнага народнага эстэтычнага светаўспрымання. Яго мастацкі вобраз складаны, часцей незвычайны, і вылучаецца прастадушным абаяннем, шчырасцю, непасрэднасцю, своеасаблівай дзіцячасцю ў інтэрпрэтацыі натуры.
На Віцебшчыне інсітнае мастацтва мае глыбокія народныя карані і ўвасабляе гістарычнае і паўсядзённае жыццё народа праз жывапісна-пластычную форму выказвання. Яго ўзнікненню ў нашым рэгіёне спрыялі багатыя традыцыі рамяства, якое ў першай палове ХХ стагоддзя набыла формы індывідуальнай творчасці. Далей народныя творцы развіваліся ў межах мастацкай самадзейнасці савецкага часу і народнай вясковай культуры. У сучасным культурным жыцці вобласці інсітная творчасць займае значнае месца, пацвярджэннем чаго стала ўнясенне традыцый інсітнага (наіўнага) мастацтва Віцебшчыны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
На Глыбоччыне традыцыі наіўнага мастацтва прадстаўлены майстрамі з Глыбокага, Падсвілля, вёсак Галубічы, Мярэцкія і Латыгаль. Адметнасць гэтага мастацтва ў тым, што творцы, як правіла, не маюць прафесійнай адукацыі і працуюць у адпаведнасці з уласным разуменнем прыгажосці і патрэбай самавыяўлення.

Так, напрыклад, мастачка з г. п. Падсвілле Людміла Фёдараўна Андзілеўка, маючы музычную адукацыю, праславілася прывабнымі жывапіснымі палотнамі, што прыцягваюць сваёй метафізічнасцю.

Работа Людмілы АндзілеўкаРабота Людмілы АндзілеўкаРабота Людмілы Андзілеўка

Ала Альфрэдаўна Арцімовіч з вёскі Галубічы, будучы па спецыяльнасці аграномам, з 2006 года стварае запамінальныя гіпсавыя скульптуры.

Ала АрцімовічРабота Алы АрцімовічРабота Алы Арцімовіч

Яшчэ адным прадстаўніком наіўнага мастацтва Глыбоччыны з’яўляецца Алена Міхайлаўна Шчэбет, якая пасля выхаду на пенсію рэалізавала сябе ў якасці мастачкі, аддаючы перавагу пейзажнаму жывапісу.

 Работа Алены ШчэбетРабота Алены ШчэбетРабота Алены Шчэбет

Майстар драўлянай лялькі Віктар Баляслававіч Дудкевіч з 2005 года працуе ў Глыбоцкім Доме рамёстваў. За гады працы набыў вядомасць не толькі як выдатны разьбяр, але і як мастак і дызайнер, які займаецца рэканструкцыяй прадметаў побыту эпохі сярэднявечча.

Віктар ДудкевічРабота Віктара ДудкевічаРабота Віктара Дудкевіча

Ужо ў пажылым узросце ва ўсёй прыгажосці раскрыўся талент Марыі Антонаўны Фянько (1929 – 2013) з вёскі Мярэцкія, якая пакінула пасля сябе шмат цікавых работ у вобласці жывапісу і станка-манументальнага мастацтва.

 Марыя Фянько з унучкайРабота Марыі ФянькоРабота Марыі Фянько

Заўважнае месца ў чарадзе майстроў інсітнага мастацтва Глыбоччыны займае ўраджэнка вёскі Латыгаль Францішка Францаўна Станкевіч (1941 – 2017), чые самабытныя жывапісныя творы вылучаюцца яркасцю, гумарам і дабрынёй.

 Францішка СтанкевічРаботы Францішкі СтанкевічПерсанальная выстава Францішкі Станкевіч