Гарадзішчы і селішчы
Гарадзішча – тып помніка археалогіі, рэшткі былога ўмацаванага паселішча. Звычайна ўзвышаюцца над навакольнай мясцовасцю і захаваліся ў выглядзе валоў і равоў. Адносяцца да часоў першабытнаабшчыннага ладу (бронзавы, жалезны век) і Сярэдніх стагоддзяў. Гарадзішча паўсталі ў перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу, калі ад збіральніцтва, рыбалоўства і палявання людзі пераходзілі да земляробства і жывёлагадоўлі. На тэрыторыі Беларусі будаўніцтва гарадзішчаў пачалося ў бронзавым веку. Важнае значэнне яны мелі ў жалезным веку. Умацаванае паселішча будавалі ў прыдатным для абароны месцы з высокімі схіламі, якія пры будаўніцтве рабіліся яшчэ больш стромкімі. Па краях пляцоўкі насыпалі валы, ўзводзілі сцены і іншыя абарончыя збудаванні. Існавалі таксама неўмацаваныя паселішчы, рэшткі якіх называюць селішчамі. На тэрыторыі Глыбоцкага раёна размешчаны 9 гарадзішчаў і 2 селішчы жалезнага веку, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, як аб'екты ІІІ катэгорыі.

