Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Празарокі
Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІІ катэгорыі (213Г000407)
Гісторыя Празароцкага касцёла бярэ свой пачатак у 1698 годзе. Менавіта тады, у канцы XVII стагоддзя, быў пабудаваны драўляны касцёл і кляштар манахаў ордэна Святога Францыска Азізскага. Фундаваў будаўніцтва полацкі падкаморны Юстыніян Шчыт. У пачатку XVIII стагоддзя храм згарэў. У 1721 годзе, дзякуючы фундацыі смаленскага падхарунжага Паўла Корсака, касцёл адбудавалі, аднак праз 70 гадоў ён зноў быў знішчаны агнём.
Першы камень у падмурак новай святыні заклалі ў 1899 годзе. Будаўніцтва доўжылася 8 гадоў. У кастрычніку 1907 года Празароцкі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі быў асвечаны. У 1950-х гадах храм быў рэквізаваны дзяржавай, у яго сценах размясцілася калгаснае збожжасховішча, а касцельнае ўбранне практычна цалкам знішчана. Вернуты вернікам у 1989 годзе.

