Сабор Нараджэння Прасвятой Багародзіцы
Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны без катэгорыі, у складзе каштоўнасці ІІ катэгорыі "Комплекс былога кляштара кармелітаў" (212Г000365)
Храм пабудаваны як каталіцкі касцёл на сродкі Іосіфа Львовіча Корсака каля 1643 года ў стылі сармацкае барока для манаскага ордэна кармелітаў босых. У 1735 годзе архітэктар Фантана перабудаваў фасад храма, надаўшы яму рысы віленскага барока. Да гэтага ж часу адносіцца і ўзвядзенне агароджы храма з трохарачнымі двух'яруснымі варотамі. Да заходняй сцяны касцёла прымыкалі карпусы кляштара кармелітаў, утвараючы адзіны ансамбль. У 1865 годзе манастыр кармелітаў босых быў зачынены. У 1872-1878 гадах адбылася перабудова храма, аднак змены ў асноўным закранула толькі ўнутранае ўбранства святыні. 3 верасня 1878 года адбылося пераасвячэнне перабудаванага касцёла ў праваслаўную Раства Прасвятой Багародзіцы царкву. Два корпусы кляштара з прычыны спарахнеласці былі разабраны ў 1892 годзе, захавалася толькі адно крыло. Храм з'яўляецца адным з першых узораў віленскага барока на тэрыторыі Беларусі. На сённяшні дзень Сабор Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Глыбокім – адзін з самых вялікіх праваслаўных храмаў у нашай краіне.

