Мастацкія практыкі саломапляцення Віцебскай вобласці
Пляценне ўтылітарных і мастацкіх вырабаў з саломы на Беларусі пашырана з даўніх часоў, калі жытні сноп, салома і вырабы з яе лічыліся сімвалам ураджайнасці і ўрадлівасці, шырока выкарыстоўваліся ў каляндарна-аграрнай і сямейнай абраднасці. З саламяных пучкоў плялі абрадавую атрыбутыку ў выглядзе фігурак чалавека, птушак і жывёл. Магічную і дэкаратыўную ролю ў інтэр’еры народнага жылля выконваў павук – кампазіцыя з саломінак, якую падвешвалі да столі. З саламяных жгутоў, перавітых лазой, выраблялі разнастайны посуд для збожжа, мукі, адзення і г. д. З плоскіх стужак сшывалі брылі.
Традыцыйна для пляцення выкарыстоўваюць пераважна жытнюю салому, бо сярод злакавых раслін сцябло жыта мае найбольшую даўжыню і вызначаецца трываласцю. Для пляцення лепш за ўсё падыходзіць салома, нарыхтаваная ўручную, прычым нарыхтоўваць яе трэба ў розныя тэрміны – тады яна будзе розных адценняў: ад зялёнага да ярка-жоўтага. Салому прасушваюць, чысцяць і вымочваюць у гарачай вадзе. Пасля гэтага яна становіцца гнуткай і эластычнай.
У сярэдзіне ХХ стагоддзя разам са скарачэннем ручнога жніва традыцыі пляцення з саломы сталі забывацца, але ўжо ў 1960-я гады назіраецца адраджэнне саломапляцення дзякуючы працы народных майстроў.
Народны майстр Беларусі па саломапляценню Марыя Вячаславаўна Ермаловіч прадстаўляе гэты від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на Глыбоччыне. Працуючы ў Глыбоцкім Доме рамёстваў, яна стварыла вялікую калекцыю вырабаў з саломы: галаўныя ўборы, лялькі, цацкі, тэматычныя кампазіцыі і дэкаратыўныя пано. Але асаблівая заслуга Марыі Вячаславаўны заключана ў тым, што на працягу многіх год, працуючы з дзецьмі ў гуртку саломапляцення, яна садзейнічала захаванню гэтай адметнай мастацкай практыкі.

