У публікацыі Еўдакіма Раманавіча Раманава, беларускага этнографа, фалькларыста і археолага, у 8-м выпуску выдання «Белорусский сборник» (Вільня, 1912) знаходзім выяву дуды з Дзісенскага павета Віленскай губерні.

Выява дуды з кнігі "Белорусский сборник" (Вильно, 1912)Дуда, прыгожа аздобленая дэкаратыўнымі элементамі з металу, мае вытанчаныя формы, у чым пазнаецца рука спрактыкаванага майстра. Раманаў падкрэсліваў у сваёй публікацыі наступнае: “Достать хороший экземпляр дуды теперь уже нелегко даже и опытному этнографу...”. Першапачаткова здавалася, што гэта можа быць дуда Адама Шульгі з трупы Ігната Буйніцкага, тым больш, што Раманаў жыў і працаваў у Вільні і не мог абмінуць увагай «Першую беларускую вечарынку», на якой 12 лютага адбылося выступленне трупы Буйніцкага. 22 лютага 1910 года быў здзейснены другі вялікі выступ на этнаграфічным вечары, прысвечаным культурам народаў Паўночна-Заходняга краю. Была прадстаўлена і беларуская капэла з дударом, пра што праз год напіша верш Янка Купала. Надпіс на беларускай дудзе, што захоўваецца ў літоўскім музеі (фота Сяргея Чубрыка)Аднак пасля візуальнага аналізу хоць і не вельмі дакладных фотаздымкаў, майстрам Сяргеем Чубрыкам была зробленая выснова, што дуда падобная, але не тая самая. Кропку над “і” ў гэтай гісторыі паставіла публікацыя “Нашай Нівы” у 1910 годзе (3 снежня, № 49). У ёй мы чытаем, што пасля заканчэння сімфанічнага канцэрта кампазітара і дырыжора Людаміра Міхала Рагоўскага ў Вільні (12 лістапада) у знак падзякі “яму былі дадзены на ўспамін ад рэдакцыі „Нашай Нівы” – старая беларуская ліра, прыбраная кветкамі і стужкамі нацыянальных беларускіх колераў, а ад арганізатараў беларускага тэатру – беларуская дуда”. Па словах даследчыцы Ірыны Шумскай, калі ў 1911 годзе Міхал Рагоўскі пераязджаў з Вільні ў Парыж, то пакінуў падораныя інструменты ствараемаму беларускаму музею. 

Гэты інструмент, відавочна, і сфатаграфаваў Еўдакім Раманаў. Яго, дарэчы, таксама апісваў у сваіх вершах паэт Міхась Машара:

Там на сьцяне дуда, цымбалы
Спакойна ціхімі вісяць;
Іх час прайшоў,
І сэрцаў сьмелых і удалых
Яны ўжо больш не весяляць.

 Беларуская дуда (фота Сяргея Чубрыка)З публікацыі ў польскім часопісе Сігналы (Sygnały №75 за 1939 г.) даведваемся пра дакладнае апісанне калекцыі беларускага музея. Апрача дуды, колавай ліры і цымбалаў, у калекцыі музея былі таксама жалейкі, рогі, і пастушыныя трубы. Іх абрысы дарэчы таксама бачныя на старым фотаздымку аднаго з пакояў музея.

Дуда была вядомая таксама Іне Назінай, а гэтая выява даволі часта сустракаецца ў беларускіх выданнях, але выглядае на тое, што паходжанне дуды і сувязь з беларускім музеем заставаліся неадкрытымі.

Пералічаныя інструменты былі ў калекцыі Івана Луцкевіча яшчэ ў 1912 годзе, калі экспанаты знаходзіліся ў рэдакцыі “Нашай Нівы” – пра гэта піша пісьменнік Змітрок Бядуля, апісваючы свой візіт у рэдакцыю: “На сьценах вiсяць абразы беларускiх даўнейшых князёў, старасьвецкiя беларускiя вопраткi, шаблi, шэломы i панцыры XVI сталецьця. Рожныя тканiны народнай беларускай творчасьцi, паясы слуцкiя, дываны, разьба рожная. Музыкальныя iнструменты – дуда, цымбалы, труба пастырская, жалейка”. Больш за тое, у кнізе “Беларускі музей імені Івана Луцкевіча” (1933, Вільня) сцвярджаецца, што ў калекцыі музея было некалькі тыпаў беларускіх дуд: “Народная музыка прадстаўлена калекцыяй музыкальных інструмэнтаў: ліра, некалькі тыпаў дуды, цымбалы, трубы пастырскія і рагі ды жалейкі”.

 Фотоздымак дудыМногія экспанаты чакаў незайздросны лёс. Праз некалькі дзён пасля арышту апошняга дырэктара Янкі Шутовіча, быў прызначаны новы дырэктар – Юозас Пятруліс, а таксама ліквідацыйная камісія, у склад якой увайшлі намеснік народнага камісара асветы М. Мешкаўскене (старшыня), прадстаўнік ЦК, дацэнт, гісторык Альбінас Даўкша-Пашкявічус і дырэктар музея Акадэміі навук Літоўскай ССР, кандыдат навук К. Мякас. Беларускі бок прадстаўлялі людзі неабазнаныя ў беларускай культуры. Камісіі падзялілі ўвесь збор на чатыры часткі. Гэтая працоўная група па ліквідацыі музея вызначыла, што прадметы, якія адносяцца да літоўскага і адначасова беларускага народаў, пакідаюць у Літве. Артыкул у газеце "Савецкае мастацтва" за 1945 годБеларусі перадалі, адпаведна, тое, што тычылася беларусаў, і частку таго, што наогул не адносілася да двух народаў. Большасць экспанатаў засталася ў Літве, або трапіла ў Маскву. Некаторыя экспанаты былі ўратаваныя. Напрыклад, колавая ліра 1809 года, якая трапіла ў збор Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, адкуль была перададзена Нацыянальнаму музею гісторыі і культуры Беларусі (зараз Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь) у 1957 годзе. У Беларусь таксама вярнуліся цымбалы, жалейкі, ражкі з калекцыі музея Івана Луцкевіча. Больш дакладна пра вернутыя інструменты мы зможам даведацца з інвентарнай кнігі Віленскага беларускага музея, якая захоўваецца ў Мінску, але якая да сёння неапублікаваная. Фактычна, з інструментаў літоўцы прысвоілі сабе менавіта дуду, хоць на меху дуды былі надпісы на беларускай і французскай мовах з назвай беларускага музея. Савецкая прэса таго часу прадстаўляла вяртанне часткі калекцыі як “дар беларускаму народу” ад “кіраўніцтва Літоўскай ССР”.

 Колавая ліра ў музейных фондах (фота Алега Дзярновіча)Некаторыя ж экспанаты былі незваротна знішчаныя, як драўляныя гербы гарадоў, зробленыя Язэпам Драздовічам. Па словах тагачасных работнікаў музея іх проста загадалі спаліць. На шчасце, дуда Ігната Буйніцкага захавалася і перайшла ў фонды літоўскага музея пад нумарам LNM EM95. Паходжанне, як і ў дадзеным выпадку, большасці беларускіх дуд у літоўскіх музеях не пазначанае. Але сапраўдны радавод, на наша шчасце, выдае надпіс на меху дуды.

Важна помніць пра Ігната Буйніцкага не толькі як пра “бацьку беларускага тэатра” і заснавальніка першай акцёрскай трупы, але таксама як пра чалавека, які зрабіў неацэнены ўнёсак у захаванне і развіццё культуры беларускай дуды ў Глыбоцкім краі і на Беларусі ў цэлым. Ігнат Буйніцкі быў першым, хто вывеў дудара і яго інструмент на вялікую тэатральную сцэну. Раней дудары са сцэны не гралі. Прынамсі, пра гэта не захавалася ніякіх гістарычных сведчанняў. Беларускія цымбалы у музейнай экспазіцыі (фота Алега Дзярновіч)Прычым, дуда для Ігната Буйніцкага, відавочна, была не проста інструментам ці нейкім дадаткам да сцэнічнага шоў, але, фактычна, сінонімам, знакам роўнасці для беларускай музыкі. На плакатах-анонсах сваіх выступленняў так і пісалі: “У беларускіх апранахах пад народную музыку-дуду”. Заўважым, што ў тэксце не згадваецца ні скрыпка, ні цымбалы, якія таксама былі ў капэле. Менавіта дуда з’яўляецца маркерам аўтэнтычнасці. Беларускія скокі, беларускія апранахі і народная музыка-дуда – тут гарманічна стаяць у адным семантычным шэрагу. Што важна, Буйніцкі абраў дуду сімвалам не толькі свайго тэатру, але і прадстаўляў яе ў якасці нацыянальнага артэфакта. А сведчыць пра гэта якраз сімвалічны падарунак кампазітару і дырыжору Людаміру Міхалу Рагоўскаму. Маючы ўсё гэта на ўвазе, варта ўсім разам падумаць пра тое, каб забяспечыць прысутнасць дуды ў экспазіцыі музея імя І. Буйніцкага ў Празароках. Цымбалы там ёсць, скрыпка таксама, а дуды адчувальна не хапае.

Дарэчы, у экспазіцыі нашага музея дуда ўжо ёсць.

Віталь Воранаў