Дуда з вёскі Верацеі
Нарэшце ўдалося трапіць у Вільню і зняць верацейскую (глыбоцкую) дуду. Дуда гэтая датуецца музеем 1849 годам, а гэта азначае што яна старэйшая за лепельскую (1877), якая лічылася найстарэйшай, ажно на 28 гадоў! Наша дуда выводзіцца з вёскі Верацеі (колішняя Празароцкая воласць Дзісенскага павету Віленскай губерні), таго арэала, з якога паходзяць таксама іншыя звесткі пра бытаванне дуды на Глыбоччыне. Адметнасць нашай дуды на фоне іншых інструментаў у тым, што мех для яе сшыты са скуры барсука. Дуда выдатна захавалася. Не хапае толькі пішчыка (унутранага элемента дзе зараджаецца гук дуды) жалейкі, а так то і зайграла б. Дуда знаходзіцца ў запасным фондзе Нацыянальнага музея Літвы, а дакладней у яго этнаграфічнай частцы. Да вайны Вільня была важным культурным цэнтрам Беларусі, таму і не дзіва што там захавалася некалькі важных для беларускай музычнай спадчыны інструментаў.
Верацейская дуда, на жаль, не выстаўляецца ў сталай экспазіцыі і захоўваецца ў спецыяльным сховішчы, разам з іншымі беларускімі дудамі. Туды яна паступіла з этнаграфічнага музея SBU (Універсітэт Стэфана Баторыя) у 1934 годзе. Паведамляецца, што інструмент быў зроблены 80 гадоў да моманту паступлення ў музей, а значыць у 1854 годзе, але самім музеем інструмент датуецца ўжо 1849 годам. Загадчыца этнаграфічнай часткі збораў і даследчыца літоўскіх інструментаў Ліна Букаўскенэ аказалася надзвычай ветлівай асобай і дазволіла дакладна сфатаграфаваць інструмент і зрабіць яго замеры.
Вымярэнне дуды і якасныя выявы былі зробленыя для вырабу яе дакладнай копіі, над якой у гэты час паралельна працуюць некалькі майстроў-дудароў. Адзін з іх – унук глыбоцкага паэта Алеся Дубровіча, дудар Дзмітрый Дзёмін. Ён з’яўляецца пастаянным удзельнікам фэстаў “Дударскі Рэй”, і абяцаў на наступным фестывалі прэзентаваць копію верацейскай дуды Глыбоцкаму гісторыка-этнаграфічнаму музею. Сімвалічна што адноўлены на падставе музейнага экспаната інструмент будзе выкананы менавіта рукамі нашага земляка і зойме пачэснае месца ў музейнай экспазіцыі.
Віталь Воранаў

