Касцёл Беззаганнага Зачацця Панны Марыі ў вёсцы Удзела

Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІ катэгорыі (212Г000417) ...

Царква Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў вёсцы Забор'е

Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІІ катэгорыі (213Г000383)  ...

Касцёл Святой Ганны ў вёсцы Мосар

Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІ катэгорыі (212Г000397) ...

Царква Успення Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Кавалі

Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІІ катэгорыі  (213Г000392) ...

Капліца Святога Іллі ў горадзе Глыбокае

Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІІ катэгорыі (213Г000364) ...

Касцёл Святой Тройцы ў горадзе Глыбокае

Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІ катэгорыі (212Г000366) ...

Касцёл Святога Антонія Падуанскага ў вёсцы Прошкава

Аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны ІІІ катэгорыі (213Г000411) ...

Даўней дуда была настолькі пашыраная, што ў слоўніку Яна Станкевіча знаходзім значэнне “дударнае сяло” – “деревня, в которой находятся дудары”. Распаўсюджанасць названага інструмента пацвярджаюць таксама шматлікія прыказкі і ўстойлівыя выразы: Скакаць пад (нечыю) дуду; Чорт дуду надзьмець, калі дух ідзець; Бо бяз дудкі, бяз дуды – ходзяць ногі ня туды; Грай а грай, дуданька, зь сёл да сёл, каб наш Міколка быў вясёл; Купіў дуду на сваю бяду; Як дуду настроіў, так грае; Мядзведзь здох—складай дуды у мех; Калі араць, дык у дуду не іграць; Дудар дудару дарма іграець; Трэба дуды ў мех збіраць; Дуды ў мех і квіта; І дуды вобземлю; Дуда ты Мамонава! 

Бадай ні ў адной мове няма столькі прыказак пра гэты інструмент, як у нашай. Сведчыць гэта можа толькі пра неверагодную папулярнасць дуды ў народзе. Апрача моўных і літаратурных крыніц, у нас захаваліся таксама іншыя звесткі. На іх падставе даследчык дудаў і дудар Яўген Барышнікаў склаў некалькі картаў, сканцэнтраваўшыся на гістарычных матэрыялах (згадках пра дуду да XIX ст.), звестках “этнаграфічнага” перыяду (ад пачатку XIX і да сярэдзіны XX ст.), сучасных запісах, а таксама на паходжанні музейных дудаў і іх фотавыявах. Дадаткова аўтар паказвае месцы рэалізацыі тапонімаў з коранем дуд* і прыводзіць звесткі з прац іншых даследчыкаў. 

Карта "беларускай дуды"На выніковай карце добра бачныя асноўныя месцы канцэнтрацыі, дзе “А” – гэта Дзісненшчына, “Б” – ваколіцы Празарок і возера Шо, “В” – Барысаўшчына, “Г” – Гарадоччына, “Д” – Свянцянска-Ігналінскі рэгіён. Няцяжка заўважыць, што месцы выступлення “беларускай дуды” (хоць некаторыя гэтую назву аспрэчваюць, але менавіта так называлі яе Ян Баршчэўскі і Янка Купала) фактычна прыпячатваюць этнічныя межы беларусаў, з улікам тэрыторый, якія адышлі да Літвы, Латвіі і Расіі. І гэта не з’яўляецца падставай для падзелу, наадварот – дуда аб’ядноўвае нас з найбліжэйшымі рэгіёнамі – Свянцянамі ў Літве, Дзвінскам у Латвіі і з Себежам у Расіі – праз агульную традыцыю. У любым выпадку на карце добра бачна, што цэнтр менавіта гэтай дударскай традыцыі знаходзіцца ў Беларусі, дакладней – у геаграфічным цэнтры Еўропы, што на возеры Шо.
КартаТая ж самая канцэнтрацыя дудаў пацвярджаецца і на польскай карце Рэчы Паспалітай міжваеннага перыяду, знойдзенай Цімафеем Авіліным. На ёй у верхнім правым куце прыкладна пазначаныя межы Глыбоччыны. Карта гэтая рабілася на аснове палітычнай карты таго часу, адсюль няма звестак па “ўсходняй Беларусі”, і ўвага, пэўна, у першую чаргу надавалася вывучэнню польскіх дудаў, але тое, што канцэнтрацыі дуды ў нашым рэгіёне былі адзначаныя даследчыкамі ўжо тады, даволі істотна.
Безумоўна, на падставе картаграфічных звестак можна сцвярджаць, што дуда – гэта інструмент паазерскі (або падзвінскі). Арэал звестак пра яе амаль ідэнтычны межам гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна Беларусі – Паазер’я (Падзвіння), які нельга суадносіць толькі з тэрыторыяй Віцебскай вобласці і больш дакладны ў адлюстраванні культурна-ландшафтных рыс гэтага абшару. Дастаткова згадаць сімвалічную прывязку дуд да азёраў і іх атачэння ў апавяданнях Яна Баршчэўскага або ўспамінах латышскага паэта Яна Райніса, які ў дзяцінстве хадзіў на рум слухаць дудароў-плытагонаў з Беларусі, што сплаўлялі лес па Дзвіне...

Ян Райніс
(Фрагмент з эпасу маленства “Сонечныя леты”)

Свет лятункаў застаецца,
Буйнае жыццё ў хаціне, —
Даўгаву разліў пакінуў,
Мкнецца плынь вады вялікай.

Ціха, цёпла летняй ноччу.
Цесна вогнішча абселі.
З купіны Васіль гаротна
Выдыхнуў даўгую песню.

I дуды журлівай гукі
Вёў самотнік аднатонна.
Сум у плойме плытагонаў
У душы ў хлапца затросся.

Ой ты, дудка мая,
Весялушка мая.

Былі ў бацькі тры сыны,
I ўсе яны Васілі.
Адзін коні пасець,
Другі лапці пляцець,
Трэці сядзіць на камені,
Дзяржыць дуду на рамені.
Ой ты, дудка мая,
Весялушка мая,
Весяліла ты мяне
На чужой старане.

Сум у Даўгаве ўтапіўся,
Сплыў з паводкай, на ўзбярэжжы
Зноў вясна святкуе свята,
Ўвесь лазняк пазалаціўшы.

Дзе вада спадала, следам
Травы лезлі, зелянелі,
Расцвілі на поймах кветкі,
Зацвіла вада таксама.

Поўна рэчышча з краямі,
Жоўта-шэры вір шалее:
Зносіць чоўны з пераправы,
Караблі нясе імкліва.

Важкія прыносіць стругі —
Жываты з ячменем, жытам —
Тоўста ў хвалях асядаюць,
Так ракой плывуць каровы.

Стругі днеюць белагруда,
Вёслы ўскідваюць рытмічна,
Распяваюць песні гудаў*,
Праплываючы як здані.

* Г у д ы — беларусы (майстры, умельцы).

Пераклад: Рыгор Барадулін

Ігнат Буйніцкі з дачкойДарэчы, акрамя іншых важных рэчаў, якія дуда дапамагае зразумець пра саміх сябе і пра нашу культуру і гісторыю, ці не найважнейшая – адсутнасць падзелу на ўсходнюю і заходнюю Беларусь. У кантэксце дуды заціраецца таксама і мяжа паміж Полаччынай і Віленшчынай. Разам з Лепельшчынай, Полаччынай, Дзісненшчынай, Вушаччынай, Гарадоччынай Глыбоччына ўтварае моцны дударскі арэал, цэнтр якога для нас, глыбачан, канешне, знаходзіцца тут.
Сэрцам дударскай традыцыі Глыбоччыны былі ваколіцы возера Шо, вёскі Палівачы і Празарокі. Тут дзейнічала тэатральная трупа Ігната Буйніцкага, у якой іграў дудар Адам Шульга. Гэты факт пацвярджаецца і некалькімі фотакартачкамі. Мясцовы дудар сядзіць першы, з левага боку. Побач з ім – скрыпач і цымбаліст. Такім чынам, у тэатры Буйніцкага выкарыстоўваліся тры традыцыйныя народныя інструменты таго часу: дуда, скрыпка і цымбалы. У вершы, прысвечаным нашаму славутаму земляку, Янка Купала пісаў:

Важна рэй Ігнат Буйніцкі
Ў танцах нашых водзіць,
Аж здаецца – усё чыста
Хадыром з ім ходзіць.

Калі пусціцца скакаці, –
Ажно сэрца скача;
Лепшых танцаў і ўвесь Піцер
Бадай што не бачыў.

Ці “Мяцеліца”, ці “Юрка”,
“Мельнік”, ці “Антошка”, –
Ўсё ў яго сыходзіць гладка,
Не змыліць ні трошка.

Пад дуду і пад цымбалы
Топне, прыспявае...
Сцеражыцеся, ўсе людзі:
Беларус гуляе!

Не ўнімайся ж і скачы нам,
Покі сілы хваціць,
Мо пачнуць і думкі нашы
Весялей скакаці!

Янка Купала быў адным з удзельнікаў беларускай вечарыны ў Пецярбургу ў 1911 годзе, на якую была запрошаная трупа Ігната Буйніцкага. У сваёй карэспандэнцыі для “Нашай Нівы” ён паведамляў: „За хорам ішлі па сцэне пастаўленыя п. Ігнатам Буйніцкім беларускія танцы пад дуду, цымбалы і скрыпку”.
Трупа тэатра Буйніцкага. 1912 год.У часопісе Litva ад 15.02.1911 года даследчыкам Цімафеем Авіліным знойдзена публікацыя перадруку тэксту Янкі Купалы з “Нашай Нівы” на польскай мове. У артыкуле “Беларускі дзеяч”, прысвечаным дзейнасці актораў тэатральнай групы пад кіраўніцтвам Буйніцкага, узгадваецца: “Пэўна ўпершыню Пецярбург меў магчымасць захапляцца вясёлымі, поўнымі жыцця беларускімі скокамі: Юркам, Мельнікам, Цобарам, Мяцеліцай і інш.” Апрача гэтых танцаў, першая прафесійная трупа выконвала “Лявоніху”, “Вераб’я”, “Гняваш”, “Чобат”, “Качан”, “Чабор”, “Антошку”, “Бычок” і “Польку”. Супрацоўнічаў Ігнат Буйніцкі з кампазітарам Л. Рагоўскім і хормайстрам трупы Я. Феакціставым, якія дапамагалі ўводзіць ў рэпертуар народныя песні. Акторамі выконваліся наступныя песні: “Дуда-весялуха”, “Чаму ж мне не пець”, “Ах ты дзьмі”, “У горадзе рэчка”, “Баба ракі варыла”, “Падушачка”, “За гарамі, за лясамі”, “Ох ты дуб”, “Прыляцелі гусі”, “Ды куды ж ты, дуб зялёны”, “Чалавек жонку б’е” і іншыя.
Другі раз акторы Буйніцкага наведалі Пецярбург у 1912 годзе. “Наша Ніва” паведамляла: “Як выйшаў п. Буйніцкі са сваімі танцорамі і сялянамі-беларусамі, дударом, цымбалістам і скрыпачом, – па-простаму пераварачваючыся, дык гэта адразу прынялі ўсе з захватам, усе, хто там быў, ударылі ў ладонькі”. Падобнае паведамленне газета надрукавала і пра “Беларускую вечарынку”, зладжаную беларускімі студэнтамі ў Варшаве ў 1913 годзе: “Найбольш падабаліся публіцы нашы народныя танцы пад загадам штукара-танцора Ігната Буйніцкага. Яго трупа па шэсць пар танцораў пад музыку сялян, што з ім разам прыехалі: дудара, скрыпача і цымбаліста, проста зрабіла на публіку захват і дзіва...”. Вобраз Ігната Буйніцкага як выдатнага танцора выдатна вымалёўваецца ва ўспамінах Зыгмунта Абрамовіча, які быў вядучым драматычным акторам трупы: “Сам Буйніцкі быў і драматычны артыст і ўваходзіў, падпяваючы баском, у склад нашага невялікага, але добра зладжанага хору, з яўнай прыемнасцю чытаў са сцэны забаўныя вершы Альберта Паўловіча. Але, як я глыбока перакананы, Ігнат Буйніцкі перш за ўсё быў «да мозгу касцей» танцор. Праслаўленыя нашымі гастролямі беларускія «скокі» ў выкананні Буйніцкага з ансамблем былі непаўторным відовішчам. Гэта – стыхія, калі разгульвалася «вясёлая мяцель»... Мы штовечар бачым гэта, дзеянні і рухі паўтараюцца, я сам бяру ў іх свой яшчэ даволі нязграбны ўдзел, і мяне ахоплівае і нясе штовечар мелодыя дуды і скрыпкі... ” (Полымя, 1971 г.).
Трупа тэатра Буйніцкага пасля выступлення.Яшчэ Адама Шульгу і ягоную дуду бачна вось на гэтай, менш вядомай, гастрольнай картачцы трупы Буйніцкага ў Пецярбургу.
Апрача звестак пра дудара з трупы Буйніцкага, вядома імя яшчэ аднаго дудара з Глыбоччыны – Пётр Бурэц. У 2007 годзе музыкант і даследчык Зміцер Сасноўскі сустрэў у этнаграфічнай экспедыцыі Мікалая Караткевіча, 1932 г.н. (в. Свіла, Глыбоцкага раёна), які ў дзяцінстве, у перадваенны перыяд, часта прысутнічаў, калі граў дудар Пётр Бурэц. Зміцер Сасноўскі вось так згадвае тую сустрэчу: “Паводле інфармацыі М. Караткевіча, Пётр Бурэц выкарыстоўваў дуду з вялікім мяшком, таму мог доўга спяваць пад акампанемент свайго інструмента. Гэта была культурная вартасць усёй акругі, таму да таленавітага музыкі паслухаць імправізаваныя канцэрты прыходзілі нават афіцэры польскай стражніцы (заставы), якая знаходзілася непадалёк.” Можа, на Глыбоччыне жывуць яшчэ сваякі гэтага дудара? Можа, у іх сямейных архівах захаваліся нейкія новыя звесткі, фотаздымкі ці іншыя скарбы?
М. Караткевіч паказвае пасадку дудара і чын трымання інструмента, 2007 г. Слова “дудар” мае значна шырэйшае значэнне, чым проста акрэсленне музыканта. Пра гэта сведчыць і вядомая прыказка: “І касец, і жнец, і на дудзе ігрэц”. Апрача заняткаў чараўніцтвам і рознымі рамёствамі, дудар мог быць яшчэ і песняром. Псеўданім Дудар абіралі сабе многія беларускія пісьменнікі і паэты, дударамі называлі яны адзін аднаго ў сваіх вершах-прысвячэннях.
Дудой захапляўся і яшчэ адзін наш зямляк - Вацлаў Ластоўскі. Пад псеўданімам Власт ён пераказаў і адаптаваў пад беларускую рэчаіснасць невымоўнай прыгажосці апавяданне польскага пісьменніка Казіміра Пшэрвы-Тэтмаера “Дудар”. У гэтай гісторыі беларускі дудар пасля смерці ідзе на неба, грае там перад самім Богам “Цяцерку”. Пасля гэтага яму дазваляецца вярнуцца ў родную Барысаўшчыну, паколькі святы Пётр занепакоены тым, што анёлы ў небе ўсё больш ахвотна спяваюць свецкія песні. Перавыданне гэтага твору было здзейснена ў Мюнхене ў 1957 годзе выдавецтвам “Бацькаўшчына”. Апрача самога тэксту, яно цікавае трыма цудоўным ілюстрацыямі Міхася Наўмовіча і (або) Пётра Сыча, “якія выканалі значную частку ілюстрацый для паасобных казак”. На адным з гэтых чароўных малюнкаў Янка Дудар спускаецца ў родную пушчу на Барысаўшчыне па птушыным шляху. Што важна, на малюнках правільна адлюстраваная будова беларускай дуды з адным гукам.

ДУДАР
Вацлаў Ластоўскі.

Памёр стары Дудар, вясковы музыка, і душа яго, узяўшы дуду за пазуху, пайшла ў неба.
Падышоў ён да неба - глядзіць: зачынена. «Ну, - думае, - спяць».
Сеў на калодачку каля брамы і чакае дня. Доўга сядзеў, і стала яму маркотна. Дастаў з-за пазухі дуду, папрабаваў пішчык і давай памаленьку іграць. Пярвей ціха, пасля ямчэй, а там і падпяваць пачаў.
Ажно чуе голас з-за брамы:
- Хто там?
«Мабыць, святы Пётра», - падумаў Дудар, але адказвае смела:
- Я!
- Хто - «я»?
- Дудар!
- Чаго глотку дзярэш?
- Саўсім не дзяру - пяю.
- Каб цябе... А чаму ж гэтак позна прыйшоў?
- Ніяк нельга было раней: памёр пад самы вечар.
- Пад вечер? - здзівіўся за брамай. - Дык на добры лад табе трэба было б яшчэ на палавіне дарогі быць.
- Ага, святы Пётра. Я дасужы - беларус, ведама.
- А адкуль ты? З-пад Барысава?
- З таго боку.
- А з якой вёскі?
- Дык хоць і скажу табе, ты ж усё роўна не ведаеш.
- Кажы, кажы, я ўсё ведаю.
Сказаў Дудар і вёску.
- Як тваё імя? - дапытваў далей голас.
- Янка.
- А па прозвішчы?
- Дудар.
- Ну, добра, Янка Дудар, пакуль развіднее, пасядзі каля брамы ды глядзі не гамані тут.
Стаў Дудар дня чакаць. Сядзеў, сядзеў, ізноў маркотна зрабілася, да таго ж перад раніцай холадам пацягнула, хоць гэта і летам было. Ізноў дастаў ён сваю дуду, чуць-чуць наігравае, каб за брамай не пачулі.
Зірк - а на частаколе нейкія галоўкі паказаліся - адна, другая, трэцяя... Анёльчыкі.
- Слухайце, слухайце, - кажа адзін, - вось хораша іграе!
Тут ужо Дудар не вытрымаў і пачаў іграць на ўвесь голас.
- Ах, як хораша! Вось хораша! І што гэта за музыка такая? - дзівуюцца анёльчыкі.
- Гэта барысаўская, - сказаў Дудар.
Раптам загрымелі ключы ў замку і адчынілася брама. У браме стаяў нябесны ключар, святы Пётра.
- Дудар!
- Чаго?
- Пойдзем!
А па небе ўжо разышлася погаласка, што прыйшоў музыка з Беларусі і дужа хораша іграе на дудзе. Дайшло гэта і да самога Бога, каторы, выйшаўшы з пакояў, сеў на ганку прахаладзіцца: за работу не браўся дзеля таго, што нядзеля была.
Не паспелі Дудару кватэры азначыць, як прыйшоў па яго анёл, толькі не такі, як папярэднія - маленькія, у белых кашульках, з белымі крыллечкамі, а вялікі, у сярэбранай адзежы.
- Янка Дудар! - сказаў пасланец.
- Што, паночку?..
- Праўда, што ты ўмееш іграць?
- Праўда!
- А пайграў бы?
- А чаму ж не пайграць! Перад кім?
- Перад Богам Святым!
Пачухаў Дудар патыліцу, ды нядоўга думаў. Барысавец быў, а ўсе барысаўцы - народ смелы.
- Пайграю, - кажа.
- Ну, дык пойдзем! - кажа анёл.
Пайшлі. Анёл спераду, Янка ззаду. Глядзіць, дзівуецца.
Абапал дарогі сярэбраныя хаты, а жывуць у іх святыя. У канцы вуліцы пабачылі самога Бога, каторы сядзеў на ганку і чакаў.
Дудар далікатненька пакланіўся - быў ён чалавек бывалы і ведаў, як дзе трэба захавацца. Бог кіўнуў галавой.
А кругом ужо сабраліся анёлы - малыя і вялікія, арханёлы ў залатых і сярэбраных адзежах, святыя і проста так справядлівыя душы - мужыкі і бабы. Народу цьма, яблыку недзе ўпасці, і ўсе хочуць паслухаць музыкі.
- Ну, Дудар, - сказаў Бог, - іграй!
А Дудар ізноў пакланіўся і кажа:
- Пакорна кланяюся вяльможнаму Пану Богу, і выбачайце, што я спытаю: ці няма тут на небе каго-небудзь з нашых, барысаўскіх, толькі каб з маладых?
- А нашто табе?
- Пад танцы іграць лаўчэй.
Усміхнуўся Бог і даў знак анёлам. Паляцела двое, але скора вярнуліся, кажуць:
- Знайшлі двох барысаўцаў, толькі дужа старых.
- Старыя няздатны, - сказаў Дудар, - не патрапяць станцаваць. Выбачайце, што спытаю: куды ж падзеліся маладыя? І маладыя ж іншы раз паміраюць.
А святы Юр'я на гэта кажа:
- Маладых трэба ў чысцы шукаць.
- А і праўда, - сказаў Дудар, - не йначай, як у чысцы. Пэўна, што ў чысцы. На маёй памяці колькі таго народу перамерла: Мікіта Гарбуз - той, што ад гарэлкі задохся, Сцяпан Крук з Докшыц, катораму ў карчме лоб пашчапалі, Арцём Лыка з-пад Зембіна і Антось Прычэпка з-пад Дзядзілавіч - добрыя танцоры былі: прыбілі іх на ігрышчах.
Дудар доўга б яшчэ вылічаў памёршых маладымі барысаўцаў, але Бог кіўнуў рукой:
- Іграй!
- Якую?
- Якая лепшая. Вясёлую!
- Вясёлую, дык вясёлую...
Настроіў Дудар пішчыкі, надуў мех, заграў.
Добра ці дрэнна іграў ён, не памятаў гэтага, гэтак захваціла ў яго дух ад радасці, што годзен стаўся іграць перад самім Богам.
Толькі калі кончыў, бачыць - Бог ківаець галавой: здаволен. А анёлы і святыя, дык тыя не нахваляцца:
- Ах, як добра! Во дык добра!
І калі Бог пайшоў у свае пакоі, яны пачалі прасіць Дудара, каб яшчэ пайграў. Пасля папяяў. А музыка і рад гэтаму - іграе ды пяе так, што па ўсім небе гул раздаецца. Слухалі, слухалі справядліўцы, а пасля і самі пачалі падпяваць - спярша ў паўголаса, а пасля і ад Дудара не адстаюць:

Ох ты, дудка мая,
ух-я!
Весялі ты мяне,
ух-я!
На чужой старане,
ух-я!

Дудары Стахван Шахавец і Фёдар Ціханавец разам з пісьменнікамі-маладнякоўцамі. 1920-я гг.Пяюць усім небам, падбіваючы ў далонькі. Праходзіць міма святы Яззп. Глядзіць, што за дзіва?! Заместа арханёла Гаўрылы, каторы навучаў справядлівыя душы нябесных спеваў, сядзіць на ўслоне Дудар з дудой, а каля яго душы - мужчынскія і жаноцкія - хорам адхватваюць свецкія песні.
- Матухна Ты Святая! - крыкнуў святы Язэп, схапіўшы за галаву, і пабег да святога Пётры.
А туды якраз прыходзіць і сам арханёл Гаўрыла, гэтаксама жаліцца.
- Так і так, - кажа. - Ніхто не хоча вучыцца нябесных спеваў, усе пяюць беларускую «дудку». Дудар вучыць. Што рабіць?
Выйшаў Пётра на вуліцу, прыслухаўся, - праўда: па ўсім небе лунаюць беларускія песні.
- Гэтага нельга дазволіць, - кажа тады святы Пётра арханёлу Гаўрыле. - Ці не паклікаць нам сюды Дудара?
- Можна.
Ідзе Дудар, дуда пад пахай, пакланіўся.
- Дудар, - кажа святы Пётра, - а ці не лепей было б табе пайсці адгэтуль куды-небудзь у другое месца?
- З неба?
- Ну, ведама.
- А куды ж мне йсці?
- Хм, вось аб гэта ж - куды? - Святы Пётра задумаўся.
- Чаму ж вы хочаце, каб я адгэтуль пайшоў? Я ж нічога благога не зрабіў тут: не ўкраў, не скрыўдзіў...
- Ведаю, ведаю... Справа, братка, вось якая, на небе свецкія песні пачалі пяяць, - сам ты рассудзі - нягожа.
- Ну што ж, калі гэтак, то я пайду сабе.
- Толькі во бяда - куда цябе адправіць?.. А можа, дуду кінеш?
- Не, лепей я ўжо пайду адгэтуль.
- Куды пойдзеш?
- Я знайду сабе месца. Пайду туды, адкуль прыйшоў.
- У Барысаўшчыну?
- А то ж куды?
- А я думаў на якую-колечы звязду цябе паслаць.
- Нашто на звязду? Пайду ў Барысаўшчыну.
- Саўсім з раю?
- Э... што там рай? Наша Беларусь - гэта не неба. У Беларусі без песні нельга. Там людзі працуюць, а з песняй чалавеку ўсякае гора ў палавіну. Буду хадзіць са сваёй дудою па лясох і палёх. Будзе сядзець каля скаціны пастушок з жалейкай, нячутна падыду да яго і зайграю яму над вухам; пачне пяяць дзяўчынка, задумаўшыся над светлым руччом, навучу і яе, - няхай не заміраюць у Беларусі песні. Пойдуць мужы з тапарамі ў лес, я прытаюся за соснай і зайграю ім, каб спарней ішла ў іх работа. А не знайду людзей, буду слухаць, як шуміць цёмны бор, як бульчыць вада, пераліваючыся ў руччу, і падыграю ім. Эх, цяжка ў нашай старонцы, ды і добра ў ёй... Я яшчэ, як жыў, дык прасіў Бога, каб дазволіў мне па смерці ў Барысаўшчыне астацца. На ніякі рай не прамяняю яе.
- Ну, добра, калі так, ідзі сабе з Богам, - сказаў святы Пётра. - А то ты ўсё неба нам папсуеш. Толькі глядзі ж не крыўдуй!
- Якая тут крыўда?
Пакланіўся Дудар апосталу і выйшаў з райскіх варот на вялікую нябесную дарогу.
Была ноч. Стаў Дудар спускацца па птушынай дарозе ўніз. А калі пачуўся на волі, крыкнуў:
- Гэй, гэй! - І пачаў дуць з усёй моцы ў дуду.
І гэтак ішоў ён, усё ніжэй і ніжэй, спускаючыся ў барысаўскі бок, пакуль не схаваўся ў пушчы...

[1920-ыя]

Менавіта Вацлаву Ластоўскаму Янка Купала прысвяціў свой верш пад назвай “Дудар”.

Аўтару “Беларускай Гісторыі” Власту

На кургане на адвечным,
Пад асінай векавой,
Сеў дудар, сагнуўшы плечы,
З пасівелай галавой.

На дудзе, на самагудзе
(А дуда – як веча звон)
Духам кліч пускае ў людзі –
Песьня ў песьню, тон у тон.

Як жывая, рвецца песьня,
Лесам-пушчаю шуміць,
З забыцьця зьмятае плесьню,
Мох зь мінуўшчыны ляціць.

Сьлед за сьледам ройным роем
Цені даўнага кладуць...
Князь за князем, бой за боем,
Як сягоньня, ў ход ідуць.

Роднай Бацькаўшчыны долю,
Як у люстры, бачыш так.
Долю-волю у бязвольлі,
Што сышла, ідзе няўзнак.

Гоман-славу, чорнай хваляй
Што зьбіралі курганы,
Белы косьці, што гублялі
Беларускія сыны.
Што сабе кавалі путы,
Ў бітвах мручы за другіх...
Як бы модлы і пакуты
Ўсіх – і наскіх, і чужых.

І сягоньняшняй праявай
Звоніць шчасьце небарак,
Што са славаю за славу
I памерці няма як.

I у будучыну гляне
Думкай песьня дудара,
Зь непрывычным запытаньнем:
Ці прачнуцца не пара?!

Так даўно у нас ня й гралі,
Дзіў адно плыве і чар,
Штораз вышай, штораз далей, –
Знаць, бывалы ён дудар.

Старасьвецкі ён музыка,
Важна толк вядзе ў дудзе,
Важна доляю вялікай
I свабодаю гудзе.

На курганавым каберцы
Нечувалае чуваць,
Што ўсё можа толькі сэрца
Беларусава паняць.

1910 г.

Пры дапамозе крытыка Ціхана Чарнякевіча ўдалося знайсці верш Янкі Пачопкі, паэта з Глыбоччыны. Упершыню твор быў надрукаваны ў 1913 годзе ў газеце “Наша Ніва” (№21). Інфармацыя пра публікацыю была ў біяграфіі Янкі Пачопкі, але сам верш у інтэрнэце знайсці было немагчыма, таму ён дагэтуль заставаўся невядомым шырокай публіцы. "Дудар" – менавіта такую назву мае дэбютны твор нашага земляка. Магчыма, верш перадрукоўваецца тут упершыню з 1913 года.

ДУДАР
Ахвярую З. Русецкаму

Гэй, дудар, чаго ты змоўчаў?
Мо жалееш ты грудзей,
Або песні свае скончыў
Ты, над-Дзвінскі салавей?
Дзмі крапчэй – узноў пальецца
Песня валам, ды не трусь
Што ад песні ўскалыхнецца,
Як ад грому, Беларусь!
Націскай мяшок скураны,
Пальцы шыбчэй ў ход пушчай!
Скінь жуду, ды будзь рахманы...
Што ж маўчыш, брат – пачынай!
Можа хочаш на падмогу
Ты к сабе мяне прыняць?
Я патраплю, дзякуй Богу,
Мог і добра я пяяць.
Як-са знаеш – тваё дзела,
Толькі пара быў бы я:
Я б за шчыгла пеў бы смела,
Ты з дудой за салаўя.
Ні шманай, паладзіш скора.
Голас чыст мой, як дуда,
Знаў ён слёзы, знаў і гора.
Товіст крыху – ўся бяда.
А мо на ліха й добра будзе:
Тонка ты, а я таўсцей.
Як калі прымерна ў лузе
Із зязюлькай салавей,
Гукнем ж дудар! Гэй, не трусі
Годзе моўчкам нам стаяць!
Час прыйшоў для Беларусі
Песні радасці пяяць!
Знаюць хай: за час спакою
Беларускі дух ўсё жыў
І маўчком ён сам з сабою
Песні гэтыя злажыў.
І злажыўшы звонка, стройна
Нам з табою стаў пяяць.
Гукнем-ж громка і спавольна
Стыду послі каб не знаць.
Панатужым свае грудзі –
Духу хваце, гэй, не трусь,
Хай жа знаіць свет і людзі,
Што пяець ім Беларусь!..
І пакажам мы што маем
Усе не пушчай ад людзей:
Як калісь-то шчаснай долі
Ні за морам ужо дзень:
Бачце – сцелецца па полі
Яго вогністы прамень.
Скора, скора запылаіць
Ён над роднаю зямлёй
І навекі развітаіць
Нас з прадвечнай цемнатой.
Замест слёз, пагарды мукі
І змагання з галатой,
Дасць нам свету і навукі
І багацтва і спакой.
Мову нашу, што гукаем
С песняй звонкаю сваей,
Талент к штукам і навуцы,
Прагнасць знання і любоў,
Да работы сілу ў руцэ,
Да барбы шалёну кроў.
Словам, маем ўсё, што трэба,
Ўсё даўным даўно Бог даў
Толькі ўсё, што дало неба
Чалавек сабе забраў.
У гэтым мала мы зрабілі,
Зрабіць болі было як?!
Калі нас усе душылі,
Хто мог пхаў у свой кулак.
Дзякуй Богу і за тое,
Што наш дух саўсім не знік,
Бо аднялі ўсё людское,
Скарб духоўны і язык.
І на жарты чалавекам
Ні хацелі нас назваць.
Як звяры, усякім здзекам
Той к сабе – змагалісь браць...
Свет знямог адвену цьму,
Путы лопнулі стальныя
Павальней стала яму.
І цяпер, ні так мо скора,
Хмара покі перайдзе,
З вечнай крыўды, слёз і гора
Ён ўжо вызваліць сябе.
Апрануўшся, рахманы,
Выйдзе з цемры беларус.
Хай-бы крыўдзілі ня ў меру
Цела плёткай ці агнём,
А то нават й тую веру
Варачалі на сваём.
Й так пакінулі бадзяцца
На пакуту ці на смех,
(Мусі болей здзекавацца
Ткі пачулі ў сэрцы грэх),
Мужыка бяз мовы, сьвету
Здабываць для пана хлеб,
І цярпеў сталецця гэту
Муку ён нямы і слеп.
Но прайшлі часы ліхія,
Загаіўшы цяжкі раны
Стройны, крэпкі, бел і рус,
Гляне ён на на свет вясёла
Жаль спадзе з прыгожых век,
Но ужо цяпер ні як жывёла,
А як вольны чалавек.
Што далей за гэтым будзе
То павінен кожын знаць.
Нам-ж пяяць прысталі грудзі.
Дудар! – можам перастаць!
Скора мы ешча з табою
Узноў сайдзёмся папяём.
І то болей мы з сабою
Песень новых прынясём.
А цяпер бывай здаровы
Ды мяне не забывай
І гасцей для песні новай
Там з Дзьвіны сваей ззывай.

Янук Пачопка
“Наша ніва” 1913, № 21, с. 3.

Яшчэ адзін верш, звязаны з дудой і традыцыяй “Жаніцьбы Цярэшкі”, напісаў глыбоцкі паэт Віталь Гарановіч. Між іншым, традыцыя “Жаніцьба Цярэшкі” была вельмі пашыраная на Глыбоччыне.

Жаніцьба Цярэшкі
Студзень гурбы з ветрам вершаць,
Замятае сцежкі.
Жаніх першы, хлопец лепшы,
Вяселле Цярэшкі.

Прыйшло грышча, дуда грае,
Вогнішча палае.
У плоце жэрдкі лічаць дзеўкі,
Лёс свой выбіраюць.

Падбіраюць бацька, маці
У каляды пару.
Каб у дзеўках не застацца
Ва ўзросце сталым.

Хлопец вывераным скокам
“Вішаньку” зрывае.
“Не будзь, лава, так высока”, –
Словы прамаўляе.

На прыпеўкі і пацешкі
Ноч багатай будзе.
Кожнай Мар’і па Цярэшку
Наварожаць людзі.

Пазнаёміцца з усімі матэрыяламі кнігі можна тут